Святлану Калінкіну "чакалі ў пад'ездзе"

Тое ж самае міліцыянты спрабавалі зрабіць у дачыненні да незалежнай журналісткі Ірыны Халіп

Як распавяла Еўрарадыё Святлана Калінкіна, супрацоўнікі РАЎС Савецкага раёна чакалі яе з працы ў пад’ездзе дома:

Святлана Калінкіна: “Мяне ў пад’ездзе чакалі 5 чалавек: адна жанчына ў якасці панятой і чатыры мужчыны. Следчы Савецкага РАЎС Камінскі прад’явіў мне пратакол на правядзенне ператрусу. У ім было пазначана, што ў сувязі з тым, што шукаюцца тыя, хто абразіў былога кіраўніка Ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, у мяне павінны правесці ператрус”.

Па словах журналісткі, падчас ператруса ў яе канфіскавалі яе камп'ютэр і камп'ютэр яе сына, флэш і тэлефонны даведнік. Самае дзіўнае, кажа Калінкіна, што яе да правядзення ператруса не выклікалі на допыт і ніякім чынам не давалі зразумець, што ў праваахоўных органаў да яе есць пытанні.

Было і яшчэ адно непаразуменне.

Святлана Калінкіна: “У пратаколе ператруса было напісана,што я з’яўляюся рэдактарам сайта “Хартыя-97”. Але я маю дачыненне да гэтага сайта толькі як чытач, і не больш за тое”.

Не выходзіла пад яе прозвішчам ніякіх матэрыялаў, датычных “паляўнічай справы”, і на старонках “Народнай волі”.

Следчыя, паводле словаў Святланы Калінкінай, прызналіся, што яны і іх РАЎС толькі выканаўцы — даручэнне правесці ператрус яны атрымалі ад гомельскай пракуратуры, якая расследуе гэтую справу. Тым не менш, нечакана высветлілася, што следчы, які праводзіў ператрус, з’яўляецца добрым сябрам герояў матэрыяла Святланы Калінкінай “Ты даўно плакаў? Зараз заплачаш” — следчых Якжыка і Высакоўскага.

У той жа дзень прыходзілі міліцыянты і ў кватэру незалежнай журналісткі Ірыны Халіп. Але яна ім проста не адчыніла дзверы. Ірына паведаміла Еўрарадыё, што праз дзверы міліцыянты паведамілі ёй, што іх прыход таксама звязаны з “паляўнічай справай”. Але так і не патрапіўшы ў кватэру, паабяцалі даслаць позву на допыт да следчага.

Абедзве журналісткі звязваюць гэтую цікаўнасць да іх з боку міліцыянтаў з жаданнем праваахоўных органаў запалохаць незалежную прэсу.

Нагадаем,што "паляўнічая справа" — справа 4 адказных супрацоўнікаў міліцыі Гомельскай вобласці і МУС, якія нібыта арганізавалі незаконнае паляванне ды чынілі незаконны ціск на супрацоўнікаў КДБ. Вярхоўны суд прызнаў вінаватымі па гэтай справе былых міліцыянтаў Ермакова, Мінянкова і Баранава, а міліцыянта Малаева амніставаў.

Чытайце таксама па тэме:

Журналістку “Народнай волі” дапыталі па справе аб паклёпе на КДБ

Фота: Радыё "Свабода"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі