Сябру Партыі БНФ дазволілі падпісаць усе бюлетэні, але пасля перадумалі

Фронтаўцы Ірыне Семянюк-Смяян, якая з'яўляецца сябрам сталічнай участковай камісіі № 104, у панядзелак паабяцалі даць падпісаць усё 2300 выбарчых бюлетэняў. Прычым, адбылося гэта ў прысутнасці назіральнікаў АБСЕ. Але раніцай першага дня датэрміновага галасавання ёй дазволілі падпісаць толькі 100.
Вось што распавяла Еўрарадыё Ірына Семянюк-Смяян:

"Раніцай, калі я прыйшла ў 8 гадзін, мне далі падпісаць толькі 100 бюлетэняў. Я іх падпісала, падпісала таксама скрыню для галасавання, якую апячаталі. А пасля ў нас, аказваецца, пачалося паседжанне камісіі, пра якое я не ведала. Мне на ўчорашнім паседжанні ніхто не сказаў, што сёння адбудзецца паседжанне".

На паседжанне ўчастковай камісіі прыехаў старшыня Мінскай гарадской камісіі Ігар Карпенка. Пад ягоным уплывам вырашылі, што кожны дзень будзе падпісвацца па 100 бюлетэняў і падпісваць іх будуць толькі дзве асобы. 

Ірына Семянюк-Смяян: "Выйшаў Карпенка, выступіў, сказаў: Я лічу, што трэба падпісваць двум чалавекам любым. І прынялі пастанову падпісваць любым двум. На пытанне, заданае яму, ён сказаў: Я тут ніхто, не назіральнік, не сябра камісіі, таму не буду адказваць. І атрымалася, што на паседжанні ён выступіў і пад яго ўплывам усе прагаласавалі...".

Наступны раз Ірыне дазволілі падпісаць бюлетэні толькі ў яе дзяжурны дзень - у суботу.


Фота - bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі