Сяргей Белы сыходзіць з пасады гендырэктара "Белэнэрга"

Расійскія медыі ізноў прадказваюць кадравыя перастаноўкі ў беларускай нафтавай галіне. На гэты раз Гендырэктар дзяржаўнага вытворчага аб'яднання (ДВА) "Белэнэрга" Сяргей Белы не мае намеру працягваць працоўны кантракт з прадпрыемствам. Пра гэта са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве энергетыкі Беларусі паведамляе інфармацыйнае агенцтва REGNUM. Паводле звестак агенцтва, кіраўнік "Белэнэрга" жадаў звольніцца яшчэ некалькі месяцаў таму, але не атрымаў згоды кіраўніцтва. "Неўзабаве скончыцца стары кантракт, а новы ён проста не падпіша. Такім чынам працоўныя адносіны будуць спыненыя", – адзначыла крыніца ў Мінэнерга.

Мяркуецца, што Сяргей Белы працягне працаваць у камерцыйных структурах, магчыма – ў банку. У якасці прэтэндэнта на пасаду кіраўніка "Белэнэрга" разглядаецца кандыдатура намесніка генеральнага дырэктара ДВА Паўла Якубовіча, – паведамляе REGNUM.