Сярод сектантак, якія выйшлі з зямлянкі ў Расіі, ёсць беларуска

Сярод сектантак, якія выйшлі з падзямелля ў Бекаўскім раёне Пензенскай вобласці, ёсць грамадзянка Беларусі. Пра гэта паведаміў віцэ-губернатар Пензы Алег Мельнічэнка.

28 сакавіка на паверхню выйшлі сем жанчын — шэсць расіянак і адна беларуска. Стан іх здароўя не выклікае непакою. Жанчыны збіраюцца працягнуць пустэльніцтва ў доме мясцовага настаўніка. А.Мельнічэнка паведаміў, што ў выніку паводкі каля трэці падвалінаў зямлянкі, дзе яшчэ застаюцца пустэльнікі, абвалілася. Канчатковы абвал пакуль стрымліваюць карані дрэваў. Перамовы з людзьмі, якія засталіся пад зямлёй, працягваюцца. Паводле пензенскае пракуратуры, там засталося 28 чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей. Каля пячоры дзяжураць міліцыянты і ратавальнікі.

Нагадаем, сектанты схаваліся пад зямлёй у канцы кастрычніка летась. Яны прынялі рашэнне заставацца там да траўня, калі “павінен пачацца канец свету”. Перамовы з імі прадстаўнікоў улады і псіхолагаў выніку не далі. У дачыненні да лідэра сектантаў Пятра Кузняцова распачата справа. Аднак па выніках псіхіятрычнай экспертызы Кузняцоў прызнаны неправаздольным. Ён пройдзе курс прымусовага лячэння.


5 снежня з Расіі ў Беларусь былі дэпартаваныя дзве грамадзянкі Беларусі з дзецьмі, якія не паспелі спусціцца ў зямлянку і чакалі канца свету ў закінутым доме ў вёсцы Нікольскае. Паводле непацьерджаных звестак, пад зямлёй застаюцца 10 грамадзян Беларусі, у тым ліку двое дзяцей.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі