Сёння на "зайцоў" нацкуюць усіх кантралёраў

Як даведалася Еўрарадыё, на лініі ўжо выйшла ў два разы больш кантралёраў. А аўтобусным паркам давялі новыя планы па даходах. Таксама ўдвая большыя.
З сённяшняга дня школьнікі, студэнты ды пенсіянеры пазбавіліся льготаў на праезд. Як даведалася Еўрарадыё, у Мінску колькасць кантралёраў напярэдадні павялічылі ў два разы. Па словах намесніка генеральнага дырэктара па эканоміцы КУП “Мінсктранс” Валерыя Новіка, гэта для таго, каб пасажыры мелі час прызвычаіцца да 17 снежня:

“З 3 снежня я павялічыў у два разы колькасць нарадаў, каб пасажыры не з 17-га раптам заўважылі, што няма льготнага праезду. 3 20-га лістапада ва ўсім транспарце нагадваюць, па гучнай сувязі, бягучым радку, што з 17-га – такі парадак…”

Сёння ў Мінску працуе больш за 800 кандуктараў. За лістапад на працу прынялі яшчэ каля трыццаці. Усе яны да аднаго і выйдуць сёння на працу.

Кантралёры абяцаюць не накідвацца на “зайцоў”. Зараз іх інструктуюць — нагадваюць, хто меў правы на льготны праезд, хто перастаў, вучаць, як паводзіць сябе з безбілетнікамі:

Валерый Новік: “Вядома, мы не будзем накідвацца на школьнікаў і студэнтаў. У нармальнай форме будзем ім казаць, што калі едзеце без квітка, то павінны заплаціць штраф. Службы настроеныя”.

Напярэдадні 17 снежня паркам давялі, колькі прыбытку яны мусяць атрымаць. Аднак нават у аўтапарку ўпэўненыя, што зрабіць гэта будзе няпроста:

“Нам давялі, што цяпер мы павінны атрымліваць болей у два (!!!) разы ад перавозу пасажыраў. А нам жа трэба гэта сабраць – не ўсе гатовыя сёння маральна і матэрыяльна ўсё гэта аплаціць па поўным тарыфе. Людзі гадамі прызвычаіліся плаціць 50% – пенсіянеры, школьнікі, студэнты. Таму рыхтуемся, ведаем, што гэта будзе не проста”.

Сапраўды, пакуль эфект процілеглы: замест запланаваных прыбыткаў паркі нясуць страты. Супрацоўніца тралейбуснага парку №5 Людміла Шадзько паскардзілася Еўрарадыё, што як толькі перасталі прадаваць ільготныя праязныя, прыбытак парку адразу паменшыўся. Хаця па плане было даведзена яго павялічыць на шэсць мільёнаў у гэтым месяцы:

“На сённяшні дзень мы адстаем ад мінулага месяца на 15 мільёнаў. Гэта за кошт таго, што ў нас няма ў продажы льготных праязных квіткоў”.

Тым не менш Людміла Шадзько спадзяецца, што план на гэты месяц (186 мільёнаў) тралейбусны парк №5 выканае, магчыма, набраўшы болей кандуктараў:

“Мажліва, мы яшчэ чалавек 5 набярэм, павялічым свой кадравы склад, і тады, можа, здолеем выканаць план, а ён павінен быць на 4 мільёны большы, чым у мінулым месяцы”.

Калі паркі здолеюць атрымаць прыбытак ад адмены льготаў, магчыма, з заробленых грошай яны прымуць на працу больш кантралёраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі