Сёння пачынаецца суд па скарзе Логвінава да Мінінфармацыі
Выдавец спадзяецца абскардзіць адмову ў выдачы выдавецкаму прадпрыемству “Логвінаў” ліцэнзіі на распаўсюд друкаванай прадукцыі.
Слуханні па скарзе выдаўца Ігара Логвінава на рашэнне Міністэрства інфармацыі прызначаныя на 30 студзеня. Выдавец спадзяецца абскардзіць апошнюю з шасці адмоваў Мінінфарма ў выдачы прыватнаму выдавецкаму унітарнаму прадпрыемству “Логвінаў” ліцэнзіі на распаўсюд друкаванай прадукцыі, нагадвае БелаПАН.
Выдавецтва было пазбаўлена ліцэнзіі ў верасні 2013 года за выпуск альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які суд Ашмянскага раёна палічыў экстрэмісцкім.
У снежні 2014 інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Цэнтральнага раёна Мінска па патрабаванні Мінінфарма правяла пазапланавую праверку ў кнігарні “ЛогвінаЎ”. Пасля праверкі краму абвінавацілі ў рэалізацыі друкаванай прадукцыі без ліцэнзіі Мінінфарма.
9 студзеня Эканамічны суд Мінска прысудзіў Логвінаву штраф у 30 базавых велічынь (5,4 млн. рублёў) за ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Таксама ў Ігара Логвінава канфіскуюць даход, атрыманы у студзені-снежні 2014 года ў памеры больш як 960 мільёнаў рублёў.
Ігар Логвінаў не прызнае сябе вінаватым. Ён лічыць, што рабіў усё магчымае для таго, каб не рабіць правапарушэння. У прыватнасці, на працягу 2014 года кіраўніцтва ПІУП “Логвінаў” шэсць разоў спрабавала атрымаць неабходную ліцэнзію Мінінфарма, аднак па розных прычынах у выдачы такога дакумента чыноўнікі адмаўлялі.
Фота: svaboda.org