Сёння Сусветны дзень барацьбы са смяротнай карай

Сёння, 10 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са смяротнай карай. Гэтую дату заснавала Сусветная кааліцыя па забароне смяротнай кары, у якую ўваходзяць каля 40 праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку “Міжнародная амністыя”, а таксама адвакацкія аб’яднанні, прафсаюзы, мясцовыя і рэгіянальныя органы ўлады.  Сёлета гэты дзень адзначаюць у восьмы раз і цэнтрам увагі праваабаронцаў стануць ЗША, дзе смяротная кара існуе як вышэйшая мера пакарання. На думку праваабаронцаў, смяротная кара ёсць наўмысным і халаднакроўным пазбаўленнем жыцця чалавека дзяржавай. Гэта жорсткае, негуманнае і прыніжальнае для годнасці пакаранне выкарыстоўваюць у імя справядлівасці. Яна парушае права на жыццё, прапісанае ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Згодна з матэрыяламі “Міжнароднай амністыі”, за 2009 год у 18 краінах свету 714 чалавек пайшлі на страту. Не меней за 2001 чалавека атрымалі смяротны вырак у 56 краінах. У гэтую статыстыку не трапілі тысячы стратаў, якія з высокай доляй пэўнасці былі зладжаныя ў Кітаі, бо там такія звесткі лічацца дзяржаўнай таямніцай.

Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе смяротную кару выкарыстоўваюць. Сёлета адбыліся страты двух чалавек, асуджаных да вышэйшай меры пакарання.