Тамара Лісіцкая: Глянцавы прыгажун не здаецца мне вялікай каштоўнасцю

111117 LisickajaS.mp3

Еўрарадыё: У чым для вас праяўляецца сэксуальнасць мужчынаў?


Тамара Лісіцкая: Я сэксуальнасць мужчынаў асобна ад іх чалавечых якасцяў ужо даўно не ўспрымаю. У мяне ёсць досвед другога шлюбу. Мужамі я выбіраю прыгожых мужчын. Для мяне гэта важна. Але з гэтым звязаныя і пэўныя праблемы. Я разумею, што прыгожыя мужчыны падабаюцца не толькі мне. Але мець справу з прыцягальным фізічна чалавекам прыемна. Безумоўна гэта не адзіная якасць, што цікавіла мяне ў мужчынах, з якімі ў мяне склаліся даверлівыя адносіны. Але калі адхіліцца ад гэтага, мужчына як карцінка, канешне, можа існаваць. Але глянцавы прыгажун не здаецца мне каштоўнасцю ў свеце. А вось калі гэта мужчына з гісторыяй, і калі ён ўяўляе сабой яшчэ і хаця б невялікі побытавы подзвіг  - гэта іншая справа. Вось я на Брэда Піта ў пэўны момант пачала глядзець інакш, калі ён стаў шматдзетным бацькам, калі падтрымаў ідэю сваёй неверагоднай жонкі. Вось гэта прыгожы мужчына. А Брэдлі Купер – я гляжу зараз – нічога пра яго ня ведаю.

Еўрарадыё: Давайце складзем свой рэйтынг. Каго з беларускіх мужчынаў вы лічыце самымі сэксуальнымі?


Тамара Лісіцкая: Пачнем з трэцяга месца. У прынцыпе, фізічна прыцягальных мужчын шмат. Практычна ў любой тэлепраграме сядзіць сімпатычны хлопец. Давайце так: Сяргей Дарафееў. Гэта мой улюбёны тэлевядучы, мой вялікі сябар. Гэта мужчына прыгожы, разумны, ўмее сябе прадставіць, падабаецца жанчынам. На жаль, не ведаю, ці зараз ён беларускі мужчына. Калі браць тэлевядучых, то гэта напэўна самы яркі, самы прыгожы мужчына. Возьмем музыкаў. Колькі там глянцавых прыгажуноў, я ўвесь эфірны час займу разважаннямі. Няхай будзе Уладзімір Пугач. Ён пахудзеў апошні час, вельмі сочыць за сабой, прыгажун, цудоўны музыка і вельмі разумны чалавек. Мы з ім столькі дабрачынных мерапрыемстваў правялі. І ён дапаможа заўсёды, а для мяне гэта таксама важна. Я не кажу, што гэта галоўная сэксуальная якасць мужчыны, але гэта вельмі важна. А на першым месцы безумоўна мой муж. Ён і тэлевядучы, і радыёвядучы, рулявы нашага сямейнага карабля, я лічу што гэта самы прыгожы мужчына ў Беларусі - Глеб Марозаў.

Еўрарадыё: Якія часткі цела ў мужчыны вы лічыце самымі сэксуальнымі, самымі эратычнымі?


Тамара Лісіцкая: Я, напэўна, нікога не здзіўлю, калі скажу, што самае эратычнае – гэта вочы мужчыны, у якіх адлюстроўваецца ўся ягоная мудрасць, уся любоў да жанчыны, і, калі добра прыгледзецца, то нават усе перспектывы, што вас чакаюць.

Еўрарадыё: Ці ёсць розніца паміж сэксуальнасцю і прыгажосцю ?


Тамара Лісіцкая: Безумоўна, розніца ёсць. Прыгажосць лёгка нарошчваецца. А сэксуальнасць, сапраўдную глыбінную добрую славянскую сэксуальнасць складана ўзнавіць, не маючы яе. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі