Тelegraph: краіны ЕС у абыход забароны прадавалі Расіі зброю на сотні млн еўра

Стралковая зброя вытворчасці нямецкай кампаніі Heckler & Koch​ / DW
Стралковая зброя вытворчасці нямецкай кампаніі Heckler & Koch​ / DW

У 2015-2022 гадах краіны ЕС, сярод якіх Францыя, Германія, Аўстрыя, Італія, Балгарыя, Чэхія, у абыход эмбарга прадалі рэжыму Пуціна зброю на сотні мільёнаў еўра. У тым ліку ракеты і бомбы, якія з вялікай верагоднасцю зараз выкарыстоўваюцца ва Украіне, піша выданне Daily Telegraph. Усё гэта рабілася нягледзячы на ​​забарону ЕС прадаваць зброю Расіі пасля анэксіі Крыма ў 2014 годзе.

Толькі ў красавіку 2022 года, паведамляе газета, Еўрапейская камісія закрыла "шчыліну" пасля таго, як было выяўлена, што 10 дзяржаў-членаў ЕС экспартавалі ўзбраенне амаль на 350 мільёнаў еўра. Пры гэтым толькі Парыж і Берлін прадалі Маскве зброі на 273 млн еўра.

Устаноўлена, што Францыя нясе адказнасць за адпраўку грузаў на суму 152 мільёны еўра ў Расію ў межах 76 экспартных ліцэнзій. Нараўне з бомбамі, ракетамі і тарпедамі французскія фірмы адправілі цеплавізійныя камеры для больш за 1000 расійскіх танкаў, а таксама навігацыйныя сістэмы для знішчальнікаў і ўдарных верталётаў.

Берлін настойвае, што тавары прадаваліся толькі пасля таго, як Крэмль гарантаваў, што яны прызначаны для грамадзянскага, а не вайсковага ўжывання.

"Калі былі прыкметы якога-небудзь ваеннага прымянення, экспартныя ліцэнзіі не выдаваліся", — гаворыць прадстаўнік міністэрства эканомікі краіны.

На мінулым тыдні канцлер Германіі Олаф Шольц падвергся жорсткай крытыцы за сваё нежаданне адправіць цяжкае ўзбраенне Украіне. Крытыка ўзмацнілася, калі высветлілася, што нямецкія фірмы пастаўлялі зброю ў Расію, прадаўшы Маскве абсталяванне "двайнога прызначэння", у тым ліку вінтоўкі і аўтамабілі спецыяльнай абароны на суму 121 млн еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі