Тэса Сутэр: "Спадзяюся убачыць Apple Tea з гастролямі ў Лондане і Нью-Ёрку"

Падчас канцэртаў з амерыканскай джазавай спявачкай Тэсай Сутэр, Apple Tea прэзентавалі п'есу "Sunny samba" і адкрылі для сябе новае гучанне На першы погляд два несумяшчальныя выканаўцы — камерная Тэса Сутэр і каларытны, тэмпераментны гурт Apple Tea — з поспехам адыгралі 4 аншлагавыя канцэрты ў Мінску.



З першай песні стала зразумела, што Тэса Сутэр — спявачка інтымнага, баладнага накірунку, якая будуе свае выступы на адчуваннях і эмоцыях і, на першы погляд, падаецца нават не вельмі інфарматыўнай. Але па выніку менавіта Тэса — першы чалавек, які змяніў гучанне Apple Tea практычна без рэпетыцый.

"Мы сабе спадабаліся ў такім гучанні! — кажа Ігар Сацэвіч. — Мы рэпетавалі ўсяго две гадзіны і, на маю думку, сыгралі вельмі ўдалы канцэрт. З кожным выступам — а іх у нас было чатыры – прыходзіла нейкае разуменне, пацверджанне і можа быць нават нейкая вольная імправізацыя яе твораў".




Калі спачатку музыканты Apple Tea думалі пабудаваць выступ па законах драматургіі і дасягнуць крышчэнда, кульмінацыі канцэрта, то пасля і яны натуральным чынам паддаліся, згадзіліся з інтымнымі баладамі Тэсы Сутэр і адкрылі ў гэтым гучанні шмат новага для сябе.

"Так, пэўныя метамарфозы адбыліся з нашым гуртом, — дадае гітарыст Міша Філіпеня. Напрыклад, наш бубнач, "Князь",  пачаў граць, настолькі меладычна, што мы таксама сталі адпавядаць гэтаму гучанню — пачалі граць спакойна, і нават асцярожна.. Гэта выявіла новыя фарбы і колеры ў нашай камандзе. Нарэшце, у мяне пачала праслухоўвацца гітара! Я быў вельмі гэтаму рады" (смяецца).




Цягам апошніх гадоў гурт выпрацоўваў сваё фірмовае гучанне: насычанае, агрэсіўнае, упэўненае і размашыстае. І тут прыехала замежная спявачка, пачала спяваць і раптам стала ціха-ціха, па-іншаму, па-свойму прыгожа, нібыта загучала іншая музыка.




"Вось гэта неверагодны вынік! — распавядае Косця Гарачы.— Як ні ўгаворвалі нас іншыя музыкіы, якія з намі гралі, нешта змяніць — гурт усё роўна гучаў упэўнена па-свойму (смяецца). А тут было настолькі выразнае зліццё! Яна нешта змяніла са свайго боку, мы са свайго, і ў выніку атрымалася нешта трэцяе. У гэтым вялікі плюс гэтага супрцоўніцтва".

Сама Тэса засталася ў захапленні ад працы з Apple Tea і лічыць, што яны граюць значна лепш за яе гурт.

"Вау! — першае, што кажа Тэса пасля выступу. — Хочаце ведаць мае сапраўдныя эмоцыі? Я адчуваю такі палёт і свабоду зараз, нібыта гэтыя музыкі выпусцілі маю душу з клеткі. Звычайна я не адчуваю сябе часткай каманды — з Apple Tea ўсё было наадварот".






Амерыканская спявачка вельмі упадабала 2 п'есы Apple Tea і зур'ёна думае ўзяцца за напісанне словаў на гэту музыку. А прадзюсерТэсы не адмаўляе магчымасці арганізацыі серыі канцэртаў для Apple Tea у Нью-Ёрку і Лондане.

Тэса Сутэр:"Я ўпэўненая, што адкрыю для сябе яшчэ шмат новага, калі паслухаю альбомы Apple Tea. Пакуль жа мне вельмі спадабаліся п’есы пад назвамі "Apple Tea" і "Sunny samba". Магчыма, гэта будзе не абавязкова вербальны тэкст, а нейкі лірычны напеў. Мне здаецца, гэтага не хапае".





Паколькі джаз — гэта музыка свабоды, у тым ліку свабоды дзяліцца эмоцыямі, чымсьці сакравенным, то вось тут, мне падаецца, у музыкантаў усё атрымалася. Бубнач Apple Tea Аляксандр Сапега лічыць, што досьвед працы з прадстаўніцай амерыканскай культуры неацэнны:

"Як бы хто не казаў, што джаз — з’ява міжнародная, гэта ўсё ж такі амерыканская культура. І там яго вучаць правільна! Гэта па-першае. А па-другое, мяне перапаўняюць эмоцыі проста ад чалавечых адносін: Тэса — вельмі прыемная суразмоўца".


Тэса Сутэр аказалася яшчэ і ўдзячным слухачом. Яна была настолькі зачаравана ігрой Apple Tea, што пасля імправізацыі забывала своечасова ўступаць.

Аляксандр Сапега: "Сёння, падчас выступу, быў адзін момант, калі мы ўжо скончылі імправізацыйную частку, а Тэса не ўступае. Косця на яе глядзіць запытальна, а яна кажа: "Косця, яшчэ адзін квадрат паіграй”. То бок ёй было так кайфова, што нават не хацелася спыняць усю гэту дзею. Таму я ўпэўнены, што мы атрымалі сумеснае задавальненне ад гэтага музіцыравання. Я рады і шчаслівы".



Тэса, як і ўсе сапраўдныя джазмэны, адкрыты і шчыры чалавек. Яна была здзіўлена ўзроўнем нашага калектыву і не чакала, што ёй будзе настолькі добра, утульна і лёгка працаць з музыкамі. Гэта ў выступе спявачкі адзначыў і вядучы канцэрта, музычны крытык Зміцер Падбярэзскі:

"Тэса — спявачка, у якой выразна адчуваецца школа. То бок, што яна не самародак: відаць, што доўга і ўпарта яна ішла да таго, што мае цяпер. Мяне асабіста найбольш уразіла п’еса з французскай назвай "Avec Le Temps" — гэту баладу яна выконвае проста шыкоўна. На маю думку, гэта самы забойны нумар у той праграме, якую яна паказала. І яшчэ вельмі добра спявае "Night and Day" — славуты джазавы стандарт.






Спявачцы вельмі спадабалася наша краіна і ў хуткім часе яна плануе  яшчэ раз прыехаць з канцэртамі ў Беларусь.

Тэса Сутэр: "Я адчуваю сябе больш адкрытай тут. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Беларусі вельмі моцная джазавая аўдыторыя, вельмі падрыхтаваная і адначасова — маладая, вельмі маладая ў параўнанні з Нью-Ёркам. Я нібыта глынула свежага паветра".




Tessa's Song List
1.Moon and Sand
2.Caravan
3.The Island
4.I'm Glad There Is You
5.Empty Faces
6.All Or Nothing At All
7.Avec Le Temps
8.Fragile
9.Obsession
10.Blue In Green
11.Sunshower
12.Night and Day

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі