Tokio Hotel запрасілі непрымальную для беларусаў суму

Да гэтага часу невядома, ці адбудзецца канцэрт культавага сярод падлеткаў нямецкага калектыву Tokio Hotel. Раней паведамлялася, што яны адыграюць у Мінску 26-га верасня на стадыёне “Дынама”. Нагадаю, што канцэрт адмяняўся ўжо не раз. Паводле словаў Анрэя Бандзюкевіча — прадстаўніка Art Music Service, якія разам з “Белдзяржцыркам” ладзяць гэты канцэрт, пытанне было ў тым, што Tokio Hotel прывозяць масквічы, якія і прапанавалі зрабіць дадатковыя канцэрты ў Мінску ды Кіеве.

Першапачатковая дамова была на выступ гурта на мясцовай апаратуры, але прадстаўнікі Tokio Hotel на гэта не пагадзіліся. Адпаведна, каб прывезці з Нямечыны не толькі саміх музыкаў, але і ўсё неабходнае для канцэрта абсталяванне, трэба значна больш грошай, а квіткі ў Маскве спярша прадаваліся дрэнна. Таму і было прынятае рашэнне адмяніць дадатковыя канцэрты.

Але перамовы ішлі да апошняга, і арганізатары на 95 адсоткаў былі ўпэўненыя, што канцэрт адбудзецца. Аднак сёння Андрэй Бандзюкевіч сказаў, што нямецкі гурт запрасіў непрымальную для беларусаў суму і пытанне канцэрту застаеца адкрытым.

Будзе канцэрт нямецкіх эма Tokio Hotel ці не, арганізатары абяцалі паведаміць пасля 6 гадзінаў увечары па беларускім часе.

Галляш Валынец, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Фота — tokiohotel.pop24.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі