The Toobes. “My Generation”
Мінскае трыа выдала другі альбом.
У трыа The Toobes з’явіўся другі альбом “My Generation”. У яго вайшло 12 песень, якія ўзаемазвязаныя паміж сабой і, па словах саміх музыкаў, уяўляюць свайго роду канцэптуальную фотавыставу з адценнямі і тушэ. “Калі адну песню перасунеш – гэта ўсё адразу разваліцца, - папярэджвае гітарыст гурта Косця Пыжоў. - Музыка гарманічна пераліваецца з песні ў песню. Музычны складнік тут першасны. А канцэпцыя такая – адлюстраванне пакалення. Пакапаліся ў сваіх мазгах…”
“Капаліся ў мазгах” The Toobes даўгавата – ажно два з паловай гады. За гэты час яны наездзілі ды наляталі 50 тысяч кіламетраў, далі тысячу канцэртаў і разагрэлі саміх Franz Ferdinand і Beady Eye на чале з Ліямам Галахерам. Знаёміліся з людзьмі, вывучалі характары, прыглядаліся да свайго пакалення, сталелі, пацелі, працавалі. Запісалі 23 песні! 12 выбралі для альбома.
Першае, што кідаецца ў вушы – сучасна-модны, момантамі фузовы студыйны саўнд новай пласцінкі. Музыкі адышлі ад ідэі ўзнаўлення на дыску канцэртнага гуку, чым адзначыўся дэбютнік гурта “Hello”. Другое: песні набылі меладычныя абрысы, і з музычных замалёвак пераўтварыліся ў кампазіцыі.
Як адзначаюць самі музыкі, аранжыроўкі, у адрозненні ад песень з “Hello” сталі больш прадуманымі, грунтоўнымі, глыбокімі. Відавочна, што за 2,5 года хлопцы пасталелі, набылі новыя гітары, патрэбныя прымочкі і займелі дастаткова досведу, які сведчыць пра сталенне гурта і пра знаходжанне яго ў кантэксце. То бок, “Тубсы” выраслі з чырвоных штаноў і маленькіх клубаў. Зараз іх чакаюць буйныя фестывалі і стадыёны.
Панковасць “Hello” пераўтвараецца ў “My Generation” у “грув, кач і мазафаку”. Тэксты набываюць больш сэнсу, аднак пры гэтым “Тубсы” застаюцца “Тубсамі”. Проста больш дасведчанымі (яны нават зводзілі пласцінку самастойна!) і разумнымі.
Вядома, можна крычаць пра другаснасць музыкі The Toobes, лічыць іх “неадукаванымі і тупымі казламі”. У такім выпадку, давайце знойдзем першасную музыку ў Беларусі, тую, якую вынайшаў менавіта беларускі гурт і падхапіў увесь свет? Не варта таксама чакаць, што трыа раптам ударыцца ў фольк ці пачне граць рэгі. Яны знайшлі сябе менавіта ў рэвайвал-року і выдатна сябе ў ім адчуваюць. І не толькі яны. Колькасць прыхільнікаў гурта з кожным днём павялічваецца, што сведчыць пра тое, што яны пераходзяць у статус сапраўдных рок-зорак! Хто сумняваецца – няхай сходзіць на канцэрт гурта.
Альбом “My Generation” – спроба паказаць пакаленне “Тубс”: прыгожае, нетрывіяльнае, адукаванае, але некалькі абыякавае і адарванае ад беларускіх рэалій – пакаленне касмапалітаў. Моцны, упэўнены, другі альбом гурта, у якога ўсё ў парадку з мазгамі, густам, мэнэджмэнтам і светлай будучыняй.
Спампаваць альбом і сказаць "дзякуй" гурту можна па спасылцы: http://thankyou.ru/music/rock/the_toobes/albums/my_generation