The Toobes прэзентавалі новы кліп: ваў! А Green Pepper - альбом: бом...
Злёгку разбоўтаны сэт "тубсаў" быў кампенсаваны афігенным новым відэа. А Green Pepper апынуліся, нягледзячы на выкананне і адукацыю, зусім яшчэ "грын".
Справа была такая: маладыя, амбіцыйныя і малавядомыя “Зялёныя перцы”(Green Pepper) запісалі альбом і замахнуліся прэзентаваць яго адразу ў “Рэактары”. А паколькі “пэперы” сапраўды зялёныя, то на разагрэў да сябе яны запрасілі гурт ужо “з яйцамі”, на які ў любым выпадку прыйдуць людзі – The Toobes. Разлік відавочны, праўда?
Нягледзячы на тое, што сэт “тубсаў” спазніўся на гадзіну, а іх выступ
некаму падаўся рэпетыцыяй, фэны, якіх Еўрарадыё лавіла ля выхаду падчас
выступу Green Pepper, былі ў захапленні.
Дзяўчынкі: “Мы прыйшлі на “тубсаў”!Канцэрт вельмі спадабаўся. Гэты слэм увогуле забірае і выбрацца адтуль немагчыма!”
Ад The Toobes заўсёды можна нечага чакаць. Гэтым разам яны прэзентавалі круты, зроблены з добрым густам і на высокім узроўні кліп пад назвай “Follow Me (30000 kilometers)”, які не мог быць не ацэнены фэнамі.
Дзяўчынкі: “Кліп спадабаўся больш, чым усе папярэднія. У кантэксце беларускіх кліпаў ён выдзяляецца, вядома. Пакідае самыя лепшыя ўражанні. Адчуваецца стыль”.
Паводле публікі, толькі музыка “тубсаў” пасуе такому відэа!
Хлопцы: “Крута! Клёва! Класна! Шыкоўна! Відэа дастаткова цікавае. Калі б гэта відэа было пад іншую музыку, яно б было не такім!”
Многіх наведвальніках відэа “тубсаў” накіравала на думку, што не ўсё ў нас так дрэнна.
Наведвальнікі: “Кліп
цудоўны. Я б сказаў, што нібыта хлопцы не з Мінску, а з якой-небудзь
“здораўскай” Еўропы, пра якую мы марым ужо даўно. Ён магічны, ён
прымушае задумацца пра тое, як жа можа ў нас усё быць. Як у Еўропе. У
нас яшчэ не зусім правал. Усё крута!”
У дадатак да кліпа “тубсы” падрыхтавалі эксклюзіўны максі-сінгл, у які ўвайшлі розныя варыянты песні “Follow Me”. Сюрпрызы сюрпрызамі, але сэт The Toobes, якія ўсё роўна выглядаюць іншапланецянамі нашай беларускай музычнай прасторы, пацвердзіў меркаванне, што хлопцам трэба, па-першае, тэрмінова шукаць нейкую дадатковую, ужо дарослую фішку, і, па-другое, выдаваць альбом, які б гэтую фішку паказаў.
Публіка: “Мы прыйшлі адцягнуцца пад рок-н-рол, таму што ён жывы! І хлопцы прымушюць нас гэта зразумець. Сёння рок-н-рол жывы як у асобе “Тубсаў”, так і “Пэпераў”.
“Тубсы” таксама заклікалі са сцэны людзей слухаць рок-н-рол, бо ў яго ёсць душа, а вось Green Pepper спрабавалі прадэманстраваць прысутным, як добра валодаюць інструментамі музыканты, і як чыста ўмее спяваць вакаліст.
Справа ў тым, што музыканты Green Pepper усе маюць выдатную музычную адукацыю, якую дае наша Акадэмія музыкі і каледж пры ёй. Тым не менш, музычная адукацыя часам замінае музыкам ствараць магію, якая неабходна для прасоўвання твора ў масы. Вось менавіта тут маладыя музыкі і спатыкнуліся: добра выкананая сумесь нікому зараз не патрэбных арт-року, хард-року і т.п. падаецца безгстоўнай, а “Рэактар”, модныя фрызуры, паводзіны на сцэне наваяўленых зорак, якія, вядома, збіраюцца ў Лондан, звычайнымі пантамі, што не маюць пад сабою глебы. Хлопцы, спытайце ў вашага “разагрэву”, што рабіць, каб магічна рок-н-роліць. Яны ведаюць…