Трамп папярэдзіў пра "разбуральныя" санкцыі супраць Расіі

Трамп прыгразіў новымі абмежаваннямі / Reuters
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў пра "разбуральныя" санкцыі супраць Расіі. Яны яе чакаюць у выпадку правалу перамоваў аб спыненні вайны ва Украіне. Прэзідэнт ЗША заявіў пра гэта ў сераду падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Ірландыі, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
"Ёсць рэчы, якія можна зрабіць, і яны не будуць прыемнымі ў фінансавым сэнсе, — гаварыў Трамп. — Я магу зрабіць фінансавыя захады. Гэта было б вельмі дрэнна для Расіі. Я не хачу гэтага рабіць, таму што хачу дамагчыся міру".
Якраз згаданыя "фінансавыя меры" і могуць апынуцца "разбуральнымі" для Масквы, адзначае выданне.
Прэзідэнт ЗША адмовіўся ацаніць імавернасць заключэння пагаднення аб спыненні вайны. Але, на ягоную думку, "яно мае сэнс для Расіі".
Таксама 12 сакавіка Дональд Трамп паведаміў, што прадстаўнікі ЗША накіроўваюцца ў Расію для перамоваў па Украіне. "І цяпер усё залежыць ад Расіі", — дадаў ён.
Адразу пасля перамоваў з Украінай у Саудаўскай Аравіі ЗША аднавілі прыпыненую вайсковую дапамогу і перадачу разведданных. Вашынгтон прапанаваў спыніць агонь на 30 дзён без папярэдніх умоў. Кіеў гэтую ініцыятыву падтрымаў, а Масква маўчыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.