"Транснафта": Беларусь павысіла тарыфы на транзіт нафты, не паведаміўшы загадзя
Беларускі бок пазапланава павысіў тарыфы на транзіт расійскай нафты, не паведаміўшы пра гэта загадзя. Гэтым Беларусь парушыла падпісаныя пагадненні, перадае ТАСС заяву прадстаўніка расійскай кампаніі Ігара Дзёміна.
Па словах Дзёміна, "Транснафта" не атрымоўвала запыты пра пазапланавую змену тарыфаў ні ад "Гомельтранснафта Дружбы", ні ад "Полацктранснафта Дружбы". Расійская кампанія паведаміла ў Федэральную антыманапольную службу РФ пра парушэнні з беларускага боку.
Пра павышэнне тарыфаў на транзіт расійскай нафты ў паўтара раза стала вядома 1 кастрычніка. Адпаведную пастанову прыняло Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю нашай краіны. Тарыфы з 11 кастрычніка павысяцца ў паўтара раза. Цяперашнія тарыфы дзейнічаюць з 1 лютага 2016 года.