Туркменскіх студэнтаў у інтэрнаце БарДУ ахоўвае АМАП
Амаль двое сутак ля студэнцкага інтэрнату №1 стаіць аўтазак.
Міліцыя робіць падвышаныя захады бяспекі пасля бойкі паміж студэнтамі з Туркменістану, якія навучаюцца ў Баранавічах, і мясцовай моладдзю, піша Intex-Press.
Самі туркменскія госці кажуць, што не ведаюць, навошта дзяжурыць міліцыя і што ва ўніверсітэце ўсё спакойна.
Канфлікт паміж групай мясцовай моладзі і студэнтамі-туркменамі ўзнік увечары 13 снежня на вуліцы Арджанікідзэ. У выніку патасоўкі цялесныя пашкоджанні атрымаў 15-гадовы жыхар Баранавічаў. За дробнае хуліганства затрыманы 19-гадовы грамадзянін Туркменістану, якога пасля аштрафавалі на 260 тысяч рублёў.
Па факце бойкі заведзеная крымінальная справа. Вызначанае кола падазраваных, аднак мера стрымання ў дачыненні іх не прымянялася.