У Адэсе могуць знікнуць Беларуская, Брэсцкая і Мінская вуліцы
Падчас галасавання на пасяджэнні Гісторыка-тапанімічнай камісіі пры мэрыі Адэсы / dumskaya.net
У Адэсе падчас вайны адбудзецца маштабнае перайменаванне вуліц. Як піша dumskaya.net, спачатку працавала працоўная група гісторыкаў і краязнаўцаў, якія прааналізавалі 2200 назваў і адабралі з іх 122, якім прапанавалі даць новыя назвы. Далей сабралася Гісторыка-тапанімічная камісія пры мэрыі Адэсы (падчас пасяджэння была аб'яўлена паветраная трывога). На ёй прагучалі такія словы: "Украіну будзе аднаўляць маладое пакаленне, і гэтае пакаленне павінна вярнуцца да сваіх вытокаў, да гістарычных грамадскіх і нацыянальных каштоўнасцяў. А як нам вярнуцца да гэтых вытокаў, калі вуліцы ў цэнтры ўкраінскага горада Адэса названы ў гонар расійскіх гарадоў ці савецкіх, расійскіх генералаў, якія не маюць ніякіх адносін да Адэсы?"
З улікам мінулых пасяджэнняў камісія вырашыла перайменаваць 164 адэскія вуліцы. Яна вырашыла замяніць і назвы "беларускіх" вуліц — Беларускай, Брэсцкай і Мінскай. Прапанова мусіць быць зацверджана сесіяй гарсавета, піша @adesa_bel.
Перайменаванні назваў, звязаных з Беларуссю, адбываюцца ва Украіне з-за таго, што РБ — саюзнік Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.