У АДС не ведаюць, чаму яны рэгіструюць толькі 94 ініцыятыўныя групы

Сёння заканчваецца прыём дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты. Аднак сайт АДС паведамляе, што на гэты час пададзена 94 камплекты дакументаў замест абяцаных 110 – па колькасці выбарчых акруг.
Еўрарадыё спытала ў прадстаўнікоў АДС, чаму менавіта 94, а не 110. Высвятлілася, што навіна з афіцыйнага сайта АДС для іх таксама навіна. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што не ўсе прэтэндэнты вытрымалі ціск:

Анатоль Лябедзька: "Я пакуль не валодаю сітуацыяй па кожнай выбарчай акрузе. Маглі нейкія падставы ўзнікнуць. Ведаеце, напрыклад, сітуацыю Аляксандра Меха, які балатуецца па Кобрыне? На яго быў вельмі моцны ціск. Ён вытрымаў. Я не выключаю, што не ўсе маглі вытрымаць гэты ціск. Так што ўсё можа быць..."

Прадстаўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сумняваецца ў пададзенай статыстыцы:

Аляксей Янукевіч: "Я не ведаю, адкуль гэта лічба ўзнікла. Магчыма, гэта не зусім дакладная лічба. Калі казаць пра БНФ, то ў нас адзін чалавек са спісу 110-ці па асабістых прычынах не здолеў падаць дакументы".

Сакратар Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган ведае, што некалькі чалавек выбылі са спісу АДС, але замест іх павінны рэгістравацца іншыя:

Алена Скрыган: "Не, такога я не ведаю, што там здарылася. 94 групы. Ёсць некалькі чалавек з таго спісу, якія не будуць рэгістраваць групы. Але ж замест іх будуць рэгістравацца іншыя людзі. Таму пакуль гэта пытанне адкрыта".

Фота — actualno.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі