У аўтакатастрофе каля Маладзечна загінуў прафесар Іван Нікітчанка

Яго аўтамашына сутыкнулася з ЗІЛам. Івану Нікітчанку ішоў 72-гі год.
Член-карэспандэнт Акадэміі навук, прафесар Іван Нікітчанка загінуў у аўтакатастрофе. Гэта здарылася ў суботу пад Маладзечнам. Аўтамашына, якую Нікітчанка вёў за рулём, сутыкнулася з ЗІЛам, паведамляе сайт nn.by.

Іван Нікітчанка нарадзіўся ў 1939 годзе ў Бранскай вобласці. Скончыў Віцебскі вэтэрынарны інстытут. Доктар сельскагаспадарчых навук. Ён быў сябрам Партыі БНФ, уваходзіў у склад ценевага кабінэту Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання. Доўгія гады Іван Нікітчанка ўзначальваў аргкамітэты правядзення "Чарнобыльскага шляху", быў старшынём сацыяльна-экалагічнага грамадскага аб'яднання "Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў", стаяў каля вытокаў чарнобыльскага руху ў нашай краіне.

На сёлетніх выбарах ён увайшоў у ініцыятыўную групу хрысціянскага-дэмакрата Віталя Рымашэўскага, аргументаваўшы тым, што гэты кандыдат найбольшую ўвагу надае пытанням пераадолення наступстваў Чарнобыля.

Еўрарадыё смуткуе ў сувязі з гібеллю Івана Нікітчанкі і выказвае спачуванні яго родным і блізкім.



Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі