У Бабруйску медыкі сарвалі здымкі БТ пра даплаты за працу з COVID-19 (відэа)

У Бабруйску медыкі сарвалі здымкі БТ пра даплаты за працу з COVID-19 (відэа)

Скандалам скончылася сустрэча работнікаў хуткай медыцынскай дапамогі ў Бабруйску з журналістамі БТ, піша TUT.by. 

20 траўня здымачная група БТ прыехала здымаць сюжэт. Нагодай стаў зварот медыкаў у Адміністрацыю прэзідэнта наконт даплатаў за працу з людзьмі, заражанымі каранавірусам. Кіраўніцтва станцыі хуткай медыцынскай дапамогі зноў сабрала медыкаў, каб "растлумачыць дэкрэт". Але калі медыкі заўважылі, што журналісты БТ здымаюць "прыгожую карціну", яны абурыліся.

Гісторыя пачалася яшчэ 13 траўня. Тады работнікі ўсіх трох падстанцый хуткай меддапамогі ў Бабруйску даслалі ў Адміністрацыю прэзідэнта калектыўны электронны зварот. Яны прасілі патлумачыць, хто і як павінен атрымліваць даплаты за працу з пацыентамі, хворымі на каранавірус, у адпаведнасці з указам №131.

Медыкі Бабруйска абураныя тым, што ў разліковых лістках за красавік так і не пабачылі даплат, якія абяцаў Лукашэнка. Кіраўніцтва бабруйскай станцыі хуткай меддапамогі заявіла ім, што ўсё было разлічана правільна — на аснове рэкамендацыйных лістоў аблвыканкама і тлумачэнняў падчас відэаканферэнцый аб выплатах. Пасля гэтага медыкі напісалі ліст. 

19 траўня ў Бабруйску праводзіла праверку камісія з чыноўнікаў аблвыканкама. Але вынікі іх паездкі медыкі не ведаюць. 

Сёння іх папрасілі сабрацца ў будынку Цэнтральнай падстанцыі хуткай меддапамогі — "для ўдакладнення". Медыкі, аднак, сабраліся на двары, каб менш кантактаваць між сабой. 

Адзін з лекараў патлумачыў сутнасць прэтэнзіяў: "У нас незадаволеныя ўсе: і хто атрымліваў грошы, і хто не атрымліваў. Таму што ўсе мы працуем у аднолькавых умовах, і гэтая градацыя несумленная. Аказваецца, гэты 131-ы ўказ сыры, у ім шмат прабелаў. Чалавек, які яго склаў, не разумеў, колькі людзей задзейнічана ў барацьбе з каранавірусам. Так, на падставе тлумачэнняў кіраўніцтва, даплаты, здаецца, разлічваюцца правільна. Проста ўказам яны не для ўсіх, і гэта няправільна. Было б лепш, калі б усім выплацілі аднолькавую суму — гэта было б справядліва".

Але калі супрацоўнікі БТ сталі здымаць толькі двух медыкаў, якія атрымалі самыя вялікія надбаўкі, людзі абурыліся. Медыкі пачалі выказваць на камеру свае прэтэнзіі. пасля гэтата журналісты БТ спынілі здымкі і сышлі. 

Па словах саміх медыкаў, сярод работнікаў бабруйскай станцыі хуткай меддапамогі ўжо налічваецца каля дзясятка выпадкаў заражэння COVID-19. Ёсць і адзін смяротны выпадак: напрыканцы красавіка памёр 46-гадовы кіроўца. "Мы не бачылі таго, што напісана ў пасведчанні аб смерці, але мы пахавалі яго ў закрытай труне", — кажуць калегі памерлага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі