У Барысаве прайшоў ператрус у кватэры ахоўніка Андрэя Саннікава

Супрацоўнікі барысаўскай міліцыі правялі ператрус у кватэры Леаніда Навіцкага, актывіста кампаніі "Еўрапейская Беларусь", які быў ахоўнікам кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, паведамляе сайт Хартыі’97. 8 студзеня каля першай гадзіны дня жонцы актывіста патэлефанавалі міліцыянты і запатрабавалі прыбыць дадому для правядзення ператрусу. У адваротным выпадку яны абяцалі выламаць дзверы. Жонцы, якая знаходзілася за горадам, давялося паехаць у Барысаў.

Ператрус быў праведзены ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках на Плошчы. Нагадаем, Леанід Навіцкі быў затрыманы разам з Андрэем Саннікавым 19 снежня ў той момант, калі ён вёз збітага кандыдата ў прэзідэнты і ягоную жонку Ірыну Халіп ў лякарню. Навіцкі быў асуджаны і адседзеў 15 сутак. Пасля Леаніду ўручылі пастанову аб тым, што ён з'яўляецца падазраваным па крымінальнай справе "аб масавых беспарадках" (артыкул 293 ч.1 і ч.2). Не чакаючы новага арышту, Леанід выехаў за мяжу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі