У Беларусі адбудзецца этап Кубка свету па гульні "Што? Дзе? Калі?"

У Віцебску 29—30 жніўня адбудзецца II Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях "Славянка". Як паведамляе БелаПАН, па рашэнні турнірнай камісіі Міжнароднай асацыяцыі клубаў "Што? Дзе? Калі?" цяперашняй "Славянцы" нададзены статус этапу Кубка свету. У Беларусі інтэлектуальныя спаборніцтвы такога ўзроўня пройдуць упершыню. Іх пераможца атрымае пуцёўку на чэмпіянат свету па гульні "Што? Дзе? Калі?", які адбудзецца ўвосень 2010 года.

Спаборніцтвы знаўцаў адбудуцца ў актавай зале віцебскага філіяла Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі. У турніры прымуць удзел каля 40 камандаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Грузіі і Азербайджана, а таксама зборная журналістаў. У ліку запрошаных зорак турніру — магістр гульні "Што? Дзе? Калі?" Максім Паташоў, удзельнік "Сваёй гульні" Аляксандр Лібер, расійскія знаўцы Ілля Новікаў, Сяргей Віваценка, Сяргей Нікаленка ды іншыя.

Журы гульні ўзначальвае беларускі знаўца, уладальнік "Крыштальнай савы" Леанід Клімовіч. Пераможца спаборніцтваў будзе абвешчаны 30 жніўня. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі