У Беларусі напярэдадні выбараў змяншаюцца магчымасці дзейнасці апазіцыі

Змены ў заканадаўства па супрацьдзеянні экстрэмізму сур'ёзна звузяць магчымасці палітычных партый у перыяд правядзення выбарчых кампаній. Такое меркаванне выказалі ў інтэрв'ю БелаПАН апазіцыйныя палітыкі, каментуючы прынятыя Палатай прадстаўнікоў новаўвядзенні ў заканадаўства. Нагадаем, 17 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні змены і дапаўненні ў законы Беларусі па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму.

Між іншага, законапраект уводзіць норму, паводле якой агітацыйныя перадвыбарчыя матэрыялы, выступы на сходах, мітынгах, а таксама ў СМІ не мусяць утрымліваць заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення тэрарыстычнай альбо іншай экстрэмісцкай дзейнасці, абразаў і паклёпаў у адносінах дзяржаўных асобаў.

Законы "Аб грамадскіх аб'яднаннях" і "Аб палітычных партыях" дапаўняюцца палажэннямі. якія забараняюць стварэнне і дзейнасць аб'яднанняў і партый, якія ставяць перад сабой любую экстрэмісцкую дзейнасць.

"Новаўвядзенні ў законы азначаюць толькі тое, што будзе ўзмоцнены ціск на апанентаў улады, - перакананы лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. - Я не выключаю таго, што гэты закон будзе выкарыстаны для таго, каб зняць нязручных кандыдатаў у дэпутаты на выбарах, якія мусяць адбыцца ў Палату прадстаўнікоў гэтай восенню, альбо на прэзідэнцкіх выбарах 2011 года".

Старшыня Партыі камуністаў Сяргей Калякін лічыць, што прынятыя папраўкі "накіраваныя не на барацьбу з экстрэмізмам, а на тое, каб звузіць поле дзейнасці легальных палітычных партый". Ён не выключае. што цяпер любая крытыка ўлады можа цягнуць за сабой адказнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі