У Беларусі пачалі будаваць сакрэтныя лядовыя арэны

У прэзідэнцкай рэзідэнцыі “Азёрны”, што ў Мінскім раёне, яшчэ ў канцы 2007 года пабудавалі лядовую арэну. Аднак ні ў прэсе, ні ў статыстыцы Міжнароднай федэрацыі хакея гэты аб’ект не ўзгадваецца. Але ў інтэрнэце з’явіліся здымкі арэны і нават копія дамовы пра будаўніцтва аб’екта паміж кампаніяй “Хонка” і Галоўным упраўленнем капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, што гэта за таямнічая лядовая арэна. Аднак галоўны спецыяліст аддзела фізкультуры і спорту Мінскага райвыканкама Наталля Зыкава дагэтуль не ў курсе справы і пра арэну нават не чула:

Наталля Зыкава:
“Не ведаю, адкуль у вас такая інфармацыя. Мы туды выязджалі на “Азёрны”, але там лядовай арэны не планавалася. Там планавалася ўсё з развіццём аграэкатурызму. Там планавалася пабудаваць гатэльны комплекс з рознымі паслугамі, у тым ліку і спартовых. А пра лядовую арэну ў Азёрным не магу вам нічога адказаць”.

У інтэрнэце тэму лядовай арэны узняў карыстальнік ЖЖ kauboj. Фотаздымкі і копію дакументаў ён знайшоў на форумах газеты “Прессбол”. Kauboj адзначыў, што ён упэўнены – арэна прэзідэнцкая:

Kauboj: “Паколькі замоўцам выступала Ўпраўленне справамі прэзідэнта (а звычайна такія аб’екты будуюцца альбо мясцовымі ўладамі, альбо міністэрствам), таму я і кажу, што гэта каток прэзідэнта”.

Еўрарадыё дазванілася Віктару Кірылюку, дырэктару фірмы “Хонка”, якая займалася будаўніцтвам. Спадар Кірылюк пацвердзіў інфармацыю, што каток у “Азёрным” сапраўды пабудавалі. І ініцыятарам стала прэзідэнцкая хакейная каманда.

Віктар Кірылюк: “Так, так. І заканчваем яшчэ адну ў Раўбічах. На выхадзе. Ну, гэта новая тэхналогія. Канадскі будынак, бязрамная канструкцыя, стальныя самаапорныя сцены. Нічога падобнага ў свеце няма. Толькі адна кампанія ў Канадзе робіць такія будынкі. Людзі, якія гуляюць у прэзідэнцкай камандзе па свеце шмат ездзілі і бачылі багата. І яны бачылі гэтыя тэхналогіі”.


http://www.honco.ru/n-5_3.shtml


http://www.honco.ru/n-5_4.shtml

Аднак у Галоўным упраўленні капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якое і замаўляла ўзвядзенне арэны, Еўрарадыё ўпарта сцвярджалі, што ніякага катка ў “Азёрным” не будавалі. Але пасля таго, як мы сказалі, што маем копію дамовы з кампаніяй “Хонка”, здаліся – маўляў, можа, і будавалі.

ГУКБ:
Я не ведаю, пра што вы гаворыце, гэта не наш аб’ект.

ЕРБ: То бок, вы не ведаеце, ці пабудаваная лядовая арэна?..

ГУКБ: Ну, як вы сабе ўяўляеце, адкуль я магу ведаць, што пабудавана.

ЕРБ: У мяне ёсць дакумент, у якім напісана, што РУП “Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” мае дачыненне да будаўніцтва гэтай арэны.

ГУКБ: То бок, адна бабка сказала.

ЕРБ: Не, гэта дакумент за подпісам Панасюка В.І.

ГУКБ: У вас ён ёсць... Ну, можа і будавалі. Але яе не бачыла.

ЕРБ: Хто з вашага ўпраўлення можна мне пра яе расказаць?

ГУКБ: З нашага ўпраўлення, напэўна, ніхто.

Для каго прызначаецца арэна не сказаў нам і Віктар Кірылюк. Аднак паабяцаў мне арганізаваць прыватнае катанне:

ЕРБ: Ці могуць простыя людзі прыйсці туды пакатацца?

Кірылюк: Ммм... Вы вельмі любіце канькі?

ЕРБ: Я – так.

Кірылюк: Прыязджайце, я вам арганізую катанне.

Па словах Віктара Кірылюка, каток атрымліваецца ў два разы таннейшым за астатнія падобныя аб’екты. Таму ў Беларусі плануецца будаўніцтва яшчэ шэрагу такіх лядовых арэн. Застаецца спадзявацца, што туды простым смяротным можна будзе патрапіць без асабістай дамовы з будаўнікамі.


Фота http://www.honco.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі