У Беларусі плануецца развіваць маршруты водных падарожжаў

У Беларусі плануецца развіваць маршруты водных падарожжаў, паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга 24 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Як паведаміў Шульга, да наступнага сезона пачне перавозіць турыстаў цеплаход, своеасаблівы "гатэль на вадзе", па маршруце ад Турава да Мазыра. Яшчэ адзін цеплаход закуплены Бабруйскім гарвыканкамам. Спачатку ён будзе перавозіць турыстаў у межах Бабруйска, затым яго маршрут працягнецца да Барысава. Падобныя водныя падарожжы плануецца арганізаваць у Гомелі і Магілёве. Акрамя таго, мяркуецца папоўніць парк воднага транспарту на Аўгустоўскім канале, які сёння мае адзін цеплаход, паведамляе БелаПАН.

Шульга таксама расказаў аб праекце пераробкі баржаў пад зоны адпачынку на рэках і азёрах Віцебскай вобласці, які прапанавалі інвестары з Эстоніі. Гэта магуць быць жылыя дамы на вадзе, рэстаран і забаўляльны цэнтр тыпу казіно.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі