У Беларусі ўсталююць эксперыментальны ядзерны рэактар?

Еўрарадыё дазналася пра закулісныя перамовы наконт АЭС паміж Беларуссю і Расіяй у Ніжнім Ноўгарадзе. Расія прапанавала нам пабудаваць рэактар, які яшчэ ніхто не будаваў, бо беларускія электрычныя сеткі іншы не вытрымаюць. Хутчэй за ўсё ў Беларусі будзе пабудаваны атамны рэактар вода-вадзянога тыпу (ВВЭР). Пра гэта Еўрарадыё паведаміў у чацвер намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк. Паводле ягоных словаў, гэты тып рэактара самы бяспечны:

“Гэта самы сучасны і надзейны рэактар — такое меркаванне Мінэнэрга і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён выкарыстоўваецца і працуе ва ўсім свеце: і ў Еўропе, і ў Амерыцы”.

Магчыма, такое рашэнне прынята пасля наведвання беларускай дэлегацыяй на чале з віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым Навукова-даследчага і праектна-канструктарскага інстытута ў Ніжнім Ноўгарадзе. Гэтая ўстанова лічыцца лідэрам у галіне атамнай энергетыкі ва ўсёй Расіі і спецыялізуецца на праектаванні рэактараў і АЭС. Еўрарадыё вырашыла дазнацца больш падрабязна пра гэты візіт. Як паведамілі нам ў Навукова-даследчым і праектна-канструктарскім інстытуце, Андрэй Кабякоў прыбыў па запрашэнні губернатара вобласці Шанцава. Кабякоў нібы застаўся задаволены азнаямляльным візітам і сказаў, што гэта не апошняя сустрэча. Але далей перамовы мусяць весці спецыялісты.

Як даведалася Еўрарадыё, беларусам былі прэзентаваны атамныя рэактары ВВЭР-1000 і ВБЭР-300. Паводле словаў Аляксандра Заглянава, намесніка начальніка аддзела знешняй эканамічнай дзейнасці Доследнага канструктарскага бюро імя Афрыкантава, больш за ўсё ўвагу беларусаў прыцягнула мадэль ВБЭР-300. Па сваёй магутнасці гэты рэактар разлічаны усяго на 300 тысяч чалавек (беларускі абласны горад кшталту Бабруйску ці Віцебску), што здзіўляе. Такі рэактар разлічаны на 60 гадоў працы.

Аднак яшчэ больш здзіўляе тое, што гэта толькі эксперыментальны праект, які пакуль не існуе.

Аляксандр Заглянаў: “Гэта суднавы рэактар, распрацоўка АКБМ, ягоны канёк. Такі рэактар пакуль не існуе, але ён актыўна прасоўваецца. Гэта новая распрацоўка, якой, апроч беларусаў, зацікавіліся ў Казахстане. 300 – гэта магутнасць, і не вельмі вялікая, хутчэй нават лакальная. А на базе рэактара ВВЭР-1000 працуе расійская электрасетка. Але такіх магутнасцяў беларускія сеткі не вытрымаюць”.

Цікава, што ў праектна-канструктарскім інстытуце ў Ніжнім Ноўгарадзе манітораць беларускія навіны “па тэме”. У размове нам нагадалі ўсе апошнія заявы афіцыйных асоб беларускага ўрада наконт будаўніцтва АЭС і дадалі, што прапанова набыць рэактар у Францыі наўрад ці зацікавіць Беларусь па кошце. Да таго ж, французскі рэактар таксама занадта магутны для нашых электрасетак.

Як даведалася Еўрарадыё, падобнага кшталту праекты апроч Беларусі расіяне прапанавалі украінцам, казахам ды чылійцам.


Так выглядае начынне ядзернага рэактара:

Гэта — блок корпусаў (1 — рэактар, 2 — парагенератар, прывады сістэмы кіравання і абароны рэактара)


А гэта — галоўны корпус энергаблока (1 — рэактар, 2 — басейн вытрымкі, 3 — машына перагрузачная, 4 — памяшканні сістэм бяспекі, 5 — герметычнае абмежаванне,
6 — ахоўная абалонка, 7 — турбагенератар, 8— дэаэратар, 9 — кандэнсатар)

Схемы — www.okbm.nnov.ru
Фота — forgettablememories

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі