У Беларусі выпусцілі паштовую марку “65-годдзе ААН”
24 кастрычніка Міністэрства сувязі і інфармацыі выпусціла ў абарачэнне паштовую марку “65-годдзе Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў”, паведамляе БелаПАН. Намінал маркі — 1 тысяча рублёў, наклад — 40 тысяч асобнікаў з выкарыстаннем элементаў абароны. Яе аўтар — мастак Ігар Бубен. 24 кастрычніка штогод адзначаецца як Дзень ААН. Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе набыў моц статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Па традыцыі 24 кастрычніка праводзяцца розныя публічныя мерапрыемствы, у тым ліку канферэнцыі, дыскусіі і выставы, прысвечаныя дасягненням гэтай унікальнай міжнароднай арганізацыі. Беларусь уваходзіць у лік 50 краінаў свету, якія былі заснавальнікамі ААН.