У Беларусі жывуць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцяў
У Беларусі жывуць прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасьцяў. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 году 83,7 адсотка жыхароў краіны — беларусы, 13,9% складаюць іншыя нацыянальнасьці, у тым ліку рускія — 8,3%, палякі — 3,1%, украінцы — 1,7%, габрэі — 0,1%.
Пры гэтым колькасьць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў складае каля 70 тысяч чалавек, у тым ліку 7079 чалавек належаць да нацыянальнасці “цыганы”. Не пазначылі сваю нацыянальнасьць 2,4 адсоткі жыхароў краіны.
Такія лічбы прыводзяцца ў перыядычным дакладзе Беларусі, які 1 снежня быў прадстаўлены ў Жэневе падчас 94-й сесіі Камітэта па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі.
У краіне зарэгістравана 112 арганізацыяў грамадзян, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, яны аб’ядноўваюць грамадзян 27 нацыянальнасцяў. Таксама ў Беларусі зарэгістраваныя 3510 рэлігійных арганізацыяў 26 канфесіяў і рэлігійных напрамкаў.
У дакуменце паведамляецца, што ў Беларусі створаныя спрыяльныя ўмовы для пражываньня іншаземцаў, і іх колькасьць павялічваецца. Так, у 2015 годзе іх было амаль 176 тысяч — на 30 тысяч больш, чым у 2012 годзе.
За ўвесь пэрыяд рэалізацыі ў Беларусі заканадаўства ў галіне вымушанай міграцыі (з 1997 па 2015 гады) ў кампетэнтныя органы з хадайніцтвамі аб наданні статусу уцекача звярнуліся больш за 6 тысяч замежнікаў з 60 краінаў свету, паведамляе Радыё Свабода.
На 1 студзеня 2016 году статус уцекача дадзены 926 замежнікам з 19 дзяржаваў. Болей за ўсё іх прыбыло з Афганістану (627 чалавек), меней за ўсё — з Ліберыі, Лівана, Лівіі, Руанды, Самалі і Украіны (па адным чалавеку).
Пры гэтым 1231 іншаземец атрымаў дадатковую абарону — сярод асобаў з такім статусам пераважаюць украінцы, якіх 1090 чалавек.
На сёння 168 замежнікаў з ліку прызнаных уцекачамі атрымалі грамадзянства Рэспублікі Беларусь.