У Белавежскай пушчы з'явіўся новы лагатып
Зубры ў Белавежскай пушчы
Нацыянальны парк "Белавежская пушча" абнавіў лагатып, паведамляюць у прэс-службе парку. Цэнтральнай фігурай лагатыпа прадказальна стаў зубр. "Яго выява ў лагатыпе падкрэслівае ўнікальнасць і значнасць Белавежскай пушчы як месца пражывання гэтага рэдкага віду", — гаворыцца на сайце парку. Акрамя таго, у лагатыпе ёсць выява сонца (сімвал "жыцця і энергіі, яно асвятляе і сілкуе ўвесь лясны масіў"), птушкі (гэта "сімвал свабоды і прыроднага багацця") і лесу. Лес, тлумачаць у адміністрацыі пушчы, "сімвалізуе прыроднае багацце і біялагічную разнастайнасць".
Фонам для гэтых элементаў стала Вежа. Яна, паводле задумы аўтараў, мае сімвалізаваць абарону прыроды. Стылістычна лагатып выкананы з аглядкай на культурную спадчыну рэгіёна, падкрэсліваюць у парку. Ён нагадвае традыцыйную беларускую выцінанку або разьбу па дрэве. Лагатып "перадае ідэю адзінства чалавека і прыроды, важнасць захавання прыроднага багацця і павагу да культурных традыцый", кажа Арцём Сінічка, крэатыўны дырэктар агенцтва Grafit, што распрацавала лагатып.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.