У “Белую Русь” ідуць па жэрабі і па блізкасці да пенсіі

На дзяржаўных прадпрыемствах добраахвотна-прымусова ствараюць ячэйкі ўжо не толькі БРСМу, а і “Белай Русі”. Еўрарадыё распавялі адну з гісторый, як на прадпрыемстве выбіралі, хто пойдзе ў новае аб’яднанне. На прамысловым прадпрыемстве, дзе працаваў Андрэй, некалькі тысяч чалавек. У снежні ад намесніка па ідэалогіі прыйшло даручэнне ва ўсіх аддзелах арганізаваць ячэйкі “Белай Русі”. Прычым выкананне гэтага даручэння было ўзятае на кантроль. То бок, калі ячэйкі не створаць, начальнік будзе за гэта адказваць.

Андрэй: “У кожны аддзел раздалі па статуце – звычайная такая бравурная не вельмі змястоўная папера. Ну, мы паглядзелі гэты статут, і жадаючых нешта не з’явілася. Тым больш, што там мы прачыталі, што 0,3 % ад заробку штомесяц трэба плаціць. Гэта невялікія грошы, але не ім жа іх аддаваць. Не пампезныя ж з’езды ім аплочваць. Не трэба думаць, што ў нас нейкае архіапазіцыйнае прадпрыемства. Не, у нас прадпрыемства прамысловасці, там шмат народу, ёсць народ, які за дзеючую ўладу. Але, праўда, нават сярод тых энтузіязму не было, прынамсі ў нас у аддзеле. І мы так і вярнулі гэты статут”.

Але такі адказ не задаволіў намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце. І той пачаў дзейнічаць іншымі метадамі.

Андрэй: “Рэакцыя намесніка па ідэалогіі была простая і дакладная, напэўна, адпрацаваная з гадамі. Ён выклікае начальніка і размаўляе з ім: “Ды каго вы панабіралі ў аддзел! Ды што гэта такое?! Ды вось у нас плануецца скарачэнне, і мы ведаем, з якога аддзела пачаць!!!” І гэтак далей у тым жа духу. У прынцыпе, гэта не пустыя пагрозы, бо намеснік па ідэалогіі кіруе кадравымі пытаннямі, аддзел кадраў падначалены менавіта яму”.

Выбіралі новых сяброў “Белай Русі” ва ўсіх аддзелах па-рознаму. У аддзеле Андрэя палічылі, што найменшай ахвярай будуць супрацоўнікі перадпенсійнага ўзросту.

Андрэй: “Начальнік прыйшоў, як у ваду апушчаны. Кажа, што вось, нас тут дзевяць чалавек і чатыры заяўкі. Трэба… Трэба! Добраахвотна-прымусова. Ну што ж… Мне, кажа, сам Бог загадаў, табе – на намесніка паказвае, ну, і давайце, нашых “пенсіянераў”. Ну ім-то якая розніца, усё роўна крышачку засталося, з пенсіі, напэўна, вылічваць не будуць… У суседнім аддзеле, напрыклад, цягнулі жэрабя, бо там моладзь у асноўным, а ўступаць трэба. Каму выпала, той пайшоў у “Белую Русь”.

Андрэй ужо змяніў сваю дзяржаўную працу на працу ў прыватнай фірме. Ён кажа, што зрабіў так не з-за “Белай Русі”, але і не без яе.

Не так даўно старшыня аргкамітэта “Белай Русі” Віктар Гумінскі сцвярджаў Еўрарадыё, што ў “Белую Русь” нікога гвалтоўна “ўпісваць” не будуць. Мы патэлефанавалі яму зноў, каб пачуць, што ён скажа цяпер.

Віктар Гумінскі: “У мяне такіх фактаў няма, калі яны ёсць у вас – дайце мне, мы з імі разбярэмся. Калі нехта кагосьці прымушае… Мы вельмі строга папярэдзілі па гэтым пытанні… Паляцяць не проста галовы, паляцяць і пасады, і ўсё, калі нехта будзе займацца не тым, што трэба! У мяне такіх фактаў няма, ёсць адваротныя: выходжу ўчора ад аднаго міністра, мяне сустракае чалавек – як уступіць, дзе? Ну, тлумачыш яму. Вось такія факты ёсць. А некаторыя ўжо паведамілі, праінфармавалі, што дзякуй, я ўступіў”.

У словы чыноўніка можна будзе паверыць, толькі калі нехта сапраўды “паляціць” з пасады ці калі людзі перастануць цягнуць жэрабі.

фота - naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі