У бібліятэках студэнтаў перасаджваюць пад адну лямпу

У студэнцкіх інтэрнатах з’явіўся пералік прыладаў, якія могуць знаходзіцца ў пакоі. Хутка студэнтам давядзецца дзяліцца адным камп’ютарам, тое ж самае тычыцца і настольнай лямпы. Нават зарадак да мабільніка ў пакоі мусіць быць не больш за адну.
“Барацьба за эканомію ідзе па ўсёй дзяржаве”, - кажа дырэктар бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Яніна Матвеева. Таму, па словах дырэктаркі, часам студэнтам прапануюць “перасесці пад асобную лямпу”, а для таго каб карыстацца ноўтбукамі ў чытальнай зале – трэба заплаціць.

Яніна Матвеева: “Калі карыстаюцца шмат, на працягу месяцаў, напрыклад, то натуральна – гэта паслуга платная, але яна вельмі маленькая. Заплаціў – і карыстайся хоць год”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці можна працаваць з ноўтбукамі ў іншых універсітэцкіх бібліятэках.

Больш за іншых пашчасціла студэнтам БДУІР – у чытальных залах ёсць разеткі, дзе можна падключыцца і нават выходзіць са свайго камп'ютара ў Інтэрнэт:

“Ноўтбукамі карыстацца можна. У нас у электроннай бібліятэцы ўсталяваны WiFi, можна нават у радыусе 100 метраў карыстацца, напрыклад, седзячы ў кавярні”.

У бібліятэцы БДЭУ таксама можна карыстацца ноўтбукам без праблем пры наяўнасці вольных разетак:

“Калі ёсць вольныя разеткі, дык – калі ласка. Такая магчымасць ёсць, хаця такіх студэнтаў не вельмі шмат”.

Студэнтам медыцынскага універсітэта пашчасціла меней. У бібліятэцы, у чытальнай зале, дзе займаюцца студэнты, разетак няма. Але дырэктар бібліятэкі Алена Цянюшка лічыць, што гэта не праблема, бо ёсць камп’ютарныя класы, дзе карыстацца камп’ютарамі “абсалютна не забаронена”:

“Ёсць камп’ютарны клас, у якім студэнты могуць карыстацца камп’ютарамі – гэта абсалютна не забаронена. Камп’ютары маюць выйсце ў Інтэрнэт – не абавязкова зараджаць ноўтбук у бібліятэцы. Безумоўна, усе павінны выконваць дырэктыву прэзідэнта, яе пакуль ніхто не адмяняў”.

Алена Цянюшка распавяла, што яшчэ робяць супрацоўнікі бібліятэкі для зберажэння электраэнергіі:

“Мы пастараліся памяняць усе лямпы дзённага асвятлення на энэргазберагальныя лямпы.
Кнігасховішча ў нас вельмі вялікае, таму зайшоў – уключыў святло, выйшаў – выключыў святло. Не так, як 10 гадоў таму – усюды ўключалася святло і амаль на ўвесь дзень”.

Карыстацца сваім ноўтбукам можна прыходзіць у галоўную бібліятэку краіны. Там вам дазволяць не толькі з ім працаваць, а нават уключаць у разетку.

А ў студэнцкіх інтэрнатах усё часцей ідуць размовы пра тое, што на пакой дастаткова толькі аднаго камп’ютара. Пакуль што ў інтэрнатах БНТУ ёсць і па 2-3 камп’ютары ў адным пакоі, але, магчыма, хутка сітуацыя зменіцца, паведамілі нам у 11-м інтэрнаце:

“Загаду такога няма, гэта далі дадатак да дамовы, каб мы яго разгледзелі, але гэта яшчэ пакуль разглядаецца”.

А вось і сам пералік бытавых прыладаў, якія можна выкарыстоўваць у студэнцкіх інтэрнатах БНТУ:

Камп’ютарная тэхніка – не больш за 1 адзінку на пакой;
халадзільнік – не больш за 1 адзінку на пакой,
электрафен,
электраплойка,
тэлевізар – не больш за 1 адзінку на пакой,
электрабрытва,
радыёпрыймач,
магнітафон,
музычны цэнтр,
настольная лямпа,
музычныя электраінструменты,
электрапыласос,
зараднае да мабільнага тэлефона – таксама не больш за адну адзінку на пакой.


Фота — http://www.photosight.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі