У Брэсце канфіскавалі 22 расійскія вагоны з вугалем

Сёння суд адхіліў пазоў Кузбаскай паліўнай кампаніі і кампаніі “Эксімкоўл” аб зняцці арышту з груза, які чакалі ў Польшчы.
Суддзя Ленінскага раённага суда Брэста Алег Міранюк у аўторак адхіліў пазоў Кузбаскай паліўнай кампаніі і кампаніі “Эксімкоўл” аб зняцці арышту з груза вугалю, які прызначаўся польскай кампаніі “Коксхем”. 31 траўня 18 вагонаў былі арыштаваныя судовым выканаўцам на станцыі Брэст-Усходні, 4 вагоны знятыя з цягніка на Польшчу.

Матывацыя: вугаль павінен быць абернуты ў даход беларускай дзяржавы. Аляксандр Клім, на сёння адзін з уладальнікаў кампаніі “Коксхем”, паводле прысуду Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь у 2005 годзе павінен аплаціць салідарна з яшчэ двума судова абавязанымі 663 мільёны 461 тысячу беларускіх рублёў. Акрамя таго, на Кліма была накладзеная канфіскацыя маёмасці.

Прадстаўнік фірмы “Коксхем” Рафал Мельнічук сказаў Еўрарадыё:

"Быў на судзе прадстаўнік Міністэрства фінансаў, які на кожнае істотнае пытанне, прыкладам, колькі той Аляксандр Клім вінен беларускай дзяржаве, цвердзіў, што гэта не мае значэння". 

Спадар Мельнічук зазначыў таксама, што паводле міжнароднай практыкі таварыства з абмежаванай адказнасцю, якім з’яўляецца “Коксхем”, "не адказвае за даўгавыя абавязкі сваіх удзельнікаў, як і ўдзельнікі яго не адказваюць за даўгі таварыства. Гэта норма міжнароднага права. І вось Беларусь яе ломіць".

Прадстаўнікі расійскай Кузбаскай паліўнай кампаніі і зарэгістраванай у Чэхіі “Эксімкоўл” Гасанаў і Лісецкі даказвалі: маёмасць не была дастаўленая ў пункт прызначэння, польскую станцыю Малышэвічы. Таму ён не належыць “Коксхему”, належыць ім. 

Спадар Гасанаў патлумачыў Еўрарадыё:

"Беларусь мае пэўную запазычанасць перад Расіяй за энерганосьбіты, у тым ліку і тыя, якія транзітам ідуць у Еўрасаюз. Плаціць па коштах, якія сама прызначае. Кіраўнік Расійскай Федэрацыі сказаў пра недапушчальнасць гэтага. І вось рэакцыя". 

Спадар Гасанаў назваў справу з вугалем тупіковай для Беларусі. Яна не можа дабівацца  праз міжнародныя структуры пагашэння  іскаў найперш з-за адыёзнай практыкі канфіскацыі маёмасці наўзамен агульнапрынятай кампенсацыі шкоды і вось ловіць меркаваных даўжнікоў, прысабечваючы не належачую ім маёмасць.

Супрацоўнікі Беларускай чыгункі, якія выступалі на судзе ў якасці сведкаў, патлумачылі: вагоны яшчэ не разгружаныя. Прастой аднаго вагона каштуе 23 швейцарскіх франкі ў дзень. 

Тона вугалю каштуе ад 70 да 150 долараў. Агульная вага грузу склала каля 2 500 тон. Кошт грузу быў прапісаны ў накладных, але не быў агалошаны на судзе. Таксама суд адмовіўся далучыць да матэрыялаў справы ліст у Вярхоўны суд, прадастаўлены адвакатам Гасанавым, у якім, паводле яго сведчання, супрацоўнікі КДБ інфармавалі пра характар груза.


Фота — img-fotki.yandex.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі