У Брэсце патлумачылі, што таемны падлік галасоў на выбарах - нармальна
Адказ на скаргу стаў другой спробай абараніць фармулёўку “сумленныя і легітымныя”.
Ігар Набойчанка быў назіральнікам на выбарчым участку №92. Ён патлумачыў, чаму звярнуўся са скаргай.
Ігар Набойчанка: “Пасля падліку галасоў увечары 23 сакавіка яны не агалосілі пратакол, не называлася колькасць бюлетэняў датэрміновага галасавання, па месцы жыхарства. Я пайшоў у пакойчык, куды адасобіліся старшыня выбарчай камісіі і яшчэ некалькі яе сябраў. Каля ўваходу стаяла жанчына, сказала, што туды нельга. Я прачыніў дзверы, спытаў, калі будзе вынік. Мне адказалі, што хвілін праз 15. Яны там згуртаваліся ўчатырох, нешта паміж сабой абмяркоўвалі. Праз гадзіну 35 хвілін старшыня прынёс нам пратакол, і без 20 хвілін дванаццаць мы паехалі дахаты… Паабедзе асноўнага дня галасавання назіральнікам прапанавалі падпісаць тэкст, у якім гаворыцца пра задаволенасць выбарамі і адсутнасць прэтэнзій да камісіі. У незалежных назіральнікаў ужо тады былі заўвагі, і мы паперу не падпісалі”.
Сёння яму прыйшоў адказ на скаргу за подпісам старшыні гарадзкой выбарчай камісіі Панасюка. “Няма падставаў ставіць пад сумнеў сумленнасць і легітымнасць выбараў на ўчастку”, – напісана ў ім.