У Брэсце з'явіліся бюлетэні для галасавання без выходных звестак
Пра гэта паведамляюць выбаршчыкі, якія ўдзельнічалі ў датэрміновым галасаванні.
Бюлетэні выдае ўчастковая камісія па выбарчай акрузе №3. На паперцы няма звестак пра вытворцу, нумароў ліцэнзіі і замовы, а таксама накладу.
Пра гэта выбарцы паведамілі Дзянісу Турчаняку — даверанай асобе незалежнай кандыдаткі Валянціны Мальцавай. Ён, у сваю чаргу, напісаў заяву ў гарадскую пракуратуру, дзе папрасіў правесці праверку па гэтым факце і даць яму прававую ацэнку.
На думку Турчаняка, бюлетэні надрукаваныя незаконна, і яны могуць быць выкарыстаныя для фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
Турчаняк: "Адсутнасць выходных звестак можа сведчыць толькі пра адно — пра нейкія запланаваныя незаконныя аперацыі з гэтымі бюлетэнямі. Інакш было б няцяжка напісаць колькасць надрукаваных экземпляраў. Чаму гэта не было зроблена, зараз будзе разбірацца пракуратура".
Інфармацыя пра "неапазнаныя" бюлетэні таксама паступае і з іншых выбарчых акруг Брэста. Пра гэта паведамляюць незалежныя кандыдаты, якія вылучаюцца ў гарсавет па 30-й і 31-й акругах, а таксама назіральнік з 24-й выбарчай акругі.
Фота — natal.by