У Брусэлі падпісаны пратакол аб уступленні Чарнагорыі ў NATO
У штаб-кватэры NATO ў Брусэлі 19 траўня быў падпісаны пратакол пра ўступленне Чарнагорыі ў Паўночнаатлантычны альянс. Ад імя Чарнагорыі пратакол падпісаў прэм'ер-міністр краіны Міла Джуканавіч, перадае Бі-Бі-Сі.
Цяпер Чарнагорыя атрымала права прымаць удзел у пасяджэннях NATO, але пакуль — у якасці назіральніка. 29-м сябрам Паўночнаатлантычнага альянсу краіна стане пасля таго, як пратакол аб уступленні ратыфікуюць усе дзяржавы NATO.
Апошняе пашырэнне альянсу адбывалася ў 2009 годзе: тады ў арганізацыю ўступілі Албанія і Харватыя.
Расія выказалася катэгарычна супраць уваходжання Чарнагорыі ў NATO. Афіцыйная Масква заяўляла, што зробіць крок у адказ.
Акрамя Чарнагорыі ў спісе кандыдатаў на далучэнне да NATO цяпер лічацца Грузія, Боснія і Герцагавіна, а таксама Македонія.