У Дзень правоў чалавека моладзь пікетавала Мінгарвыканкам (фота)

Супраць мірнага пікета моладзі, прысвечанага Дню правоў чалавека, выйшаў галоўны ідэолаг і дзясяткі міліцыянтаў. Актывісты кампаніі "Грамадзянін" выставілі так званую "сцяну ганьбы" насупраць Мінгарвыканкама. На ёй людзі прыляпілі копіі сваіх заявак на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Па ўсіх іх сталічныя ўлады адмовілі.



Да моладзі выйшаў старшыня аддзела ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама Сяргей Хельман: "Не дазволена Мінгарвыканкамам! Вы не звярталіся па дазвол!"

"Нядаўна мы падалі 500 заявак на самыя розныя гумарыстычныя тэмы – сход аматараў мёду, аматараў доўга спаць і гэтак далей. Нам што цяпер – падаваць 501-ую? Які сэнс? – адказаў чыноўніку моладзевы актывіст Мікіта Красноў. – Сёння Дзень правоў чалавека, мы маем права сабрацца разам і выказаць свой пратэст!”

Мікіта Красноў патлумачыў сэнс акцыі ў міжнародны Дзень правоў чалавека.

"Мы паказваем, што ў Беларусі не існуе свабоды сходаў, няма магчымасці для грамадзяніна выказацца па розных пытаннях. Дзяржава забараняе нам праводзіць любыя мерапрыемствы. Мы з гэтым не згодныя! Мы кажам, што мусіць быць заяўляльны прынцып!"



Старшыня міліцыі грамадскай бяспекі Ігар Яўсееў

Сярод дзясяткаў міліцыянтаў у цывільным быў сам намеснік старшыні сталічнай міліцыі Ігар Яўсееў:

"Я вам даю роўна 5 хвілін згарнуцца! Вашае правапарушэнне зафіксавана на відэа, задакументавана. Вы будзеце прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці! Як ваша імя, імя па бацьку?"



Да Кастрычніцкай плошчы дойдзе кожны трэці



Частка міліцэйскага "картэжа"

Яго падначаленыя груба размаўлялі з моладдзю, зрывалі плакаты, штурхаліся, наступалі на ногі. На іх Ігар Яўсееў абсалютна ніяк не рэагаваў. Затое жорстка кпіў і ўвесь час пагражаў адказнасцю.

Ігар Яўсееў: "Калі паспрабуеце пайсці па праспекце, то я буду вымушаны прыняць адпаведныя меры!"

Нягледзячы на перашкоды міліцыянтаў, моладзь усё ж прайшла ад Мінгарвыканкама да Кастрычніцкай плошчы з плакатамі, прысвечанымі забаронам. Праўда, дайшлі не ўсе.



На цэнтральнай плошчы сталіцы

"З 30 чалавек, якія першапачаткова прыйшлі, толькі 10 дайшлі да плошчы. Астатніх вычэплівалі, штурхалі, пагражалі ім", – распавёў адзін з удзельнікаў акцыі Вячаслаў Дзіянаў.

Выглядала на тое, што без затрыманняў не адбудзецца. Зрэшты, гэта моладзь не пужала.

"Думаю, 15 сутак на Акрэсціна – нармальны адпачынак, – з іроніяй адказаў  Мікіта Красноў. –  Я гатовы абараняць сваю пазіцыю і цярпець за яе. Тым больш, сёння Дзень правоў чалавека. Гэта толькі стане сведчаннем таго, у якой дзяржаве мы жывем і як дзейнічаюць законы".

Актывісты "Грамадзяніна" абяцаюць працягнуць свае акцыі.

Фота: Кампанія "Грамадзянін"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі