У “Гавары праўду” не атрымалася пасябраваць з БРСМ

Спецназ перашкодзіў актывістам “Гавары праўду” расказаць пра выбары ў Беларусі моладзі з БРСМ. А даішнікі западозрылі іх у рабаванні лецішча.
З 21 па 25 чэрвеня на тэрыторыі базы адпачынку “Галактыка”, што пад Ракавам, праходзіў злёт моладзі БРСМ.

“Мы прышлі, каб перадаць ім высновы маніторынгу па мясцовых выбарах, зробленыя кампаніяй “Гавары праўду”, — распавёў Еўрарадыё актывіст кампаніі Юрась Алейнік. — “Наколькі я ведаю, гэты летнік прысвечаны падрыхтоўцы да будучых прэзідэнцкіх выбараў. Учора тут адбылася сустрэча са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, таму праўладная інфармацыя ў іх ужо ёсць. І я думаю, што незалежная інфармацыя можа быць таксама вельмі карыснай”.

Але, нягледзячы на іх добрыя намеры, на тэрыторыю лагера прадстаўнікоў кампаніі “Гавары праўду” не пусцілі. Цікава, што за моладзевым летнікам наглядалі не простыя ахоўнікі, а спецназ:

— Прабачце, тэрыторыя гэтага лагера арандаваная, тут адбываюцца закрытыя мерапрыемствы, чужых людзей сюды не пускаем.
— Мы проста хочам пагаварыць, пасябраваць.
— Кіраўнік паставіў задачу, што ён не хацеў бы бачыць тут чужых людзей.
— А мы не чужыя!



Праз некалькі хвілін размовы выйшаў начальнік па справах моладзі Мінгарвыканкама Віталь Брэль. Але і з ім не атрымалася дамовіцца прайсці ў лагер.

Віталь Брэль:
Паважаныя калегі, вось вы так неспадзявана прыехалі…
Міхась Башура: Можа мы сапраўды да вас прыехалі неспадзявана, але я не бачу праблемы, чаму мы не можам дамовіцца і пагаварыць з вамі. Мы шмат часу не зоймем, літаральна 5 хвілін — мы пройдзем, пагутарым з моладдзю.

— Не бачу неабходнасці. Я лічу, што моладзь цяпер занятая, і не лічу неабходным яе адрываць.
— А ў іх сёння будзе вольны час?
— У іх сёння не будзе вольнага часу. Зусім не будзе вольнага часу.

Так і не патрапіўшы на тэрыторыю лагера, актывісты “Гавары праўду” былі вымушаныя перадаць матэрыялы для моладзі праз спадара Брэля. Ён паабяцаў іх спачатку паглядзець сам.

— Можа быць, праз вас можна будзе перадаць маніторынг па мясцовых выбарах, які зрабіла кампанія “Гавары праўду”? Я думаю, ім будзе гэта карысна.
— Давайце.
— А вы сапраўды гэта раздадзіце?
— Вы пакінулі матэрыялы, я іх пагляджу.



Юрась Алейнік
лічыць, што хоць і не атрымалася ўсё зрабіць так, як планавалі, але часткова мэты дасягнулі. Паводле яго слоў, актывісты будуць спрабаваць скантактавацца з БРСМ на іншых мерапрыемствах:

“Часткова мэты дасягнуць атрымалася. Шмат ілюзіяў у нас, вядома, не было, але план быў такі, што мы прыедзем і неяк дамовімся, каб туды прайсці і перагаварыць хаця б з кімсьці з арганізатараў лагеру. Але, як бачым, нам перагарадзіў шлях шэраг працаўнікоў міліцыі, на адным з іх мы ўбачылі чырвоны каптурок. Перадалі ўсяго некалькі асобнікаў маніторынгу па мясцовых выбарах. Мы хацелі перадаць болей: кнігі, брашуры і дыскі. Але, на жаль, цяпер гэтага не атрымалася. Мы спадзяемся зрабіць гэта на іншых мерапрыемствах БРСМ, на якія мы зможам патрапіць, і давесці моладзі незалежную думку”.

На адваротным шляху дзве машыны з валанцёрамі “Гавары праўду” спынілі даішнікі. Па словах інспектара, непадалёк абрабавалі лецішча, таму яны спыняюць машыны. Пасля праверкі дакументаў усіх адпусцілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі