У Германавічах адбыўся Бульбяны фэст (фота)
Эмблемай фэсту стала кветка бульбы.
У Германавічах Шаркаўшчынскага раёну 27 чэрвеня прайшоў першы Бульбяны фэст. Яго ініцыятарам стала заснавальніца культурна-адукацыйнага цэнтру імя Драздовіча і арганізатарка шматлікіх пленэраў Ада Райчонак, перадае Радыё "Свабода". Эмблемай фэсту стала кветка бульбы.
Па словах Ады Райчонак, у Германавічах шмат рэцэптаў дужа смачных страваў з бульбы, таму і вырашылі зладзіць фэст. На свяце можна было пачаставацца разнастайнымі стравамі: на вялікіх сталах былі і клёцкі, і зразы, і тоўчаная бульба, і бульбяныя піражкі з журавінамі, мясам, грыбамі.
Акрамя таго на двары дзве дзяўчыны на працягу ўсяго фэсту смажылі дранікі. А недалёка на вогнішчы гатавалася юшка з мясцовай рыбы.
Акрамя таго, была і "забаўляльная праграма": спяваў бард Георгій Станкевіч з Бешанковічаў, а вядомая выканаўца беларускіх песень Таццяна Матафонава не толькі спявала, але і навучала моладзь старадаўнім народным танцам.
Пачастункі перамяжаліся конкурсамі — віктарынамі пра бульбу і гісторыю тутэйшых мясцін, Глыбоччыну і Шаркоўшчыну. Пераможцам даставаліся прызы-сувеніры.
Фота — svaboda.org