У Германіі арыштаваны рабочы, які падсыпаў атруту ў бутэрброды калегам
У Германіі арыштаваны рабочы, які падсыпаў атруту ў бутэрброд калегі. Паліцыя не выключае, што ён мог атруціць больш за 20 чалавек. Як піша meduza.io, у пачатку траўня ў гарадку Шлос-Хольтэ-Штукенброк 26-гадовы супрацоўнік завода, які вырабляе арматуру, заўважыў, што яго ежа пасыпаная нейкім парашком. Яе ён браў здому. Узнікла падазрэнне, што гэтае рэчыва можа ўяўляць небяспеку, таму кіраўніцтва прадпрыемства ўсталявала ў памяшканні, дзе абедаюць рабочыя, камеры відэаназірання. І гэта дало вынік.
16 траўня было зафіксавана, як адзін з супрацоўнікаў адчыніў чужы кантэйнер і пасыпаў нейкім рэчывам бутэрброд, які там ляжаў. Мужчыну затрымалі. У яго пры сабе быў гэты парашок. Эксперты засведчылі, што ў ім утрымліваўся ацэтат свінца, які выклікае паражэнне ўнутраных органаў.
У доме затрыманага правялі ператрус, знайшлі ртуць і кадмій. Мяркуецца, што мужчына займаўся эксперыментамі. Вядома, што яму 56 гадоў. Ён працаваў на ARI Armaturen амаль чатыры дзесяцігоддзі. У яго ёсць жонка і двое дзяцей. Жылі яны ў суседнім горадзе Білефельдзе. Пра мужчыну кажуць, што ён мала кантактаваў з калегамі, але і канфліктаў у яго з імі не было.
Затрыманаму выставілі абвінавачванне ў замаху на забойства. Паліцыя працягвала расследаванне і высветліла, што рэчыва, якім ён пасыпаў бутэрброды, стала прычынай хваробы нырак у аднаго з супрацоўнікаў прадпрыемства, а за два апошнія гады раптоўна памерлі тры чалавекі (агулам на заводзе працуе каля 700 чалавек).
Днямі паліцыя паведаміла, што абвінавачаны можа быць датычны да смерці 21 супрацоўніка прадпрыемства за апошнія два дзесяцігоддзі. Усе гэтыя людзі не дажылі да пенсіі. Звычайна, прычынай смерці называлі сардэчныя прыступы ці рак. Але ўсё магло пачацца якраз з хімічнага рэчыва ў бутэрбродзе. Вядома, што яшчэ два супрацоўнікі завода знаходзяцца ў коме.
Матывы абвінавачанага невядомыя, паколькі ён не хоча даваць паказанні. Тым часам расследаваннем займаецца каманда з 15 чалавек. Магчыма, будзе праводзіцца эксгумацыя цел памерлых работнікаў прадпрыемства, якія маглі стаць ахвярамі свайго ціхага калегі.