У Германіі зачыняюцца школы і забараняюцца песнапенні ў храмах
Знак аб абавязковым нашэнні маскі ў Дрэздэне/ Reuters
C 16-га снежня па 10-га студзеня Германія ўводзіць жорсткі локдаун. Гэта звязана з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне. Зачыняюцца школы і дзіцячыя сады, крамы, акрамя харчовых. Адчыненымі застаюцца аптэкі, галантарэі, бензакалонкі, банкі, касы і паштовыя аддзяленні. Адпаведная пастанова была прынята 13-га снежня падчас відэаканферэнцыі канцлера краіны Ангелы Меркель і прэм'ер-міністраў 16-ці федэральных зямель Германіі, піша DW.
Новыя абмежаванні таксама паўплываюць на сустрэчу Калядаў і Новага года. Калядныя святы 24-26-га снежня немцам рэкамендуецца праводзіць у вузкім сямейным коле, максімальны лік удзельнікаў сустрэч — да дзевяці дарослых — вызначаць самі федэральныя землі. На Новы год у краіне адмяняюцца ўсе масавыя гулянні, жыхарам Германіі рэкамендуецца адмовіцца ад запуску феерверкаў.
А вось храмы на Каляды будуць адкрытыя. Праўда, набажэнствы будуць адбывацца пры захаванні сацыяльнай дыстанцыі і масачнага рэжыму, а буйныя мессы наведвальнікі змогуць наведаць толькі па папярэднім запісе. Пры гэтым песнапенні ў храмах забараняюцца.
Прадпрыемствы, якія пацерпяць ад абмежаванняў, могуць разлічваць на падтрымку дзяржавы: максімальная сума дапамогі кампаніям, якім пагражае банкруцтва, павялічваецца з 200 да 500 тысяч еўра. Прадугледжана і кампенсацыя з-за страты тавараў у коштах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.