У Глыбокім арыштаваны дырэктар прадпрыемства — захапіў 4 фуры мукі
Распачатыя адразу дзве крымінальныя справы.
Дырэктар малога прадпрыемства арыштаваны ў Глыбокім на Віцебшчыне. Праваахоўнікі высветлілі, што ў чэрвені сёлета ён, праз ашуканства і злоўжыванне даверам, выкарыстанне фальшывых дакументаў, завалодаў прадукцыяй Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Мужчына дзейнічаў ад імя аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Верхнедзвінскага раёна і атрымаў 40 тон пшанічнай мукі на суму звыш 200 млн рублёў.
У жніўні гэтага года ён аналагічным чынам атрымаў на тым жа камбінаце яшчэ больш за 40 т мукі на суму 228 млн рублёў. Толькі на гэты раз зламыснік дзейнічаў ад імя сельгаспрадпрыемства з Расонскага раёна. У абодвух выпадках грамадзянін завалодаў таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі ў асабліва буйным памеры.
У цяперашні час высвятляецца, якім чынам дырэктар атрымаў недааформленыя бланкі сельгаспрадпрыемстваў. Супраць махляра распачатыя адразу дзве крымінальныя справы, інфармуе БЕЛТА.