У Гомелі расследуюць гібель 16-гадовага ліцэіста
Цела падлетка з нажавым раненнем грудзей было знойдзенае 19 студзеня каля 13.00 на набярэжнай ракі Сож.
Следчы камітэт высвятляе абставіны смерці 16-гадовага падлетка. Малады чалавек навучаўся ў адным з ліцэяў Гомеля. 18 студзеня ён не начаваў у інтэрнаце, што выклікала заклапочанасць у адміністрацыі ліцэя, якая і звярнулася ў міліцыю з заявай пра яго знікненне.
Цела падлетка з нажавым раненнем грудзей знайшлі ў панядзелак на набярэжнай Сожа ў Гомелі. На месцы здарэння знайшлі перадсмяротную запіску.
Па факце гібелі маладога чалавека Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэту праводзіць праверку. Прызначаны шэраг экспертыз, сярод якіх — экспертыза почырку знойдзенай запіскі, паведамляе сайт Следчага камітэту.
Адпрацоўваюцца ўсе магчымыя версіі, у тым ліку суіцыд.