У гонар “Нейра Дзюбеля” “Палац” забіў амерыканца

“Нейра Дзюбель” рыхтуе свой трыб’ют, прысвечаны 15-годдзю існавання гурта. Праца ў самым разгары, нават нягледзячы на тое, што музыкі спазняюцца амаль на год. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія песні будуць пераспяваныя і як самі выканаўцы ставяцца да ненарматыўнай нейрадзюбелеўскай лексікі. Напрыклад, чаму гурт “Дети детей” выбраў менавіта “Звёздочки мерцают”, дзе прысутнічае немала “недзіцячых” словаў, Еўрарадыё распавяла салістка гурта Аня Хітрык:

Аня Хітрык: “Я не вельмі добра была знаёмая з творчасцю гурта, бо яна такая даволі жорсткая. Аднак аднойчы мая сястра прыехала з адной вандроўкі, і я пачула ў яе выкананні песню “Звёздочки”. І ў яе выкананні яна ўразіла мяне куды больш, чым у выкананні гурта “Нейра Дзюбель”. Мне падалося, што гэта такая дзіцячая песенька. Калі я спытала, што за цуд ты спяваеш, яна мне яшчэ раз праспявала, і я зразумела, што там ёсць ненарматыўная лексіка.

І гэта было вельмі смешна, таму што кантраст быў вялізарны паміж такім пяшчотным галаском і матам. Гэта было вельмі даўно, аднак, калі “Нейра Дзюбель” нам прапанавалі зрабіць трыб’ют, не было ніякага сумневу, і мы адразу выбралі “Звёздочки” і праспявалі яе прыблізна так, як мая сястра. Мы называем яе песенькай пастушкі, таму мы не прыбіралі ненарматыўную лексіку, а проста імкнуліся яе абыграць”

Самым любімым каверам Аляксандра Кулінковіча сёння з’яўляецца “Забі амерыканца” гурта “Палац”:

Аляксандр Кулінковіч:
“Мне падабаюцца ўсе кампазіцыі, аднак калі мяне прыціснуць з нажом да сцяны і скажуць выбраць любімую кампазіцыю – я выберу “Палац”

Сам лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка распавёў Еўрарадыё, што выбар менавіта гэтай песні быў невыпадковым. “Забі амерыканца” – гэта новы віток у творчасці гурта:

Алег Хаменка: “Гэтая песня – вельмі цікавая правакацыя. На мой погляд, было цікава падыйсці да такой з’явы, як нейкі твор пратэсту ці музыка правакацыі. У творчасці гурта “Палац” насамрэч такога ніколі не адбывалася. Таму было вельмі цікава падыйсці менавіта да гэтага твора з нейкім разуменнем таго, як на наш погляд гэта выглядае ў сучаснасці, таму што песня запісана гадоў 4-5 таму”.

Дарэчы, Алег Хаменка мае дома ўсе альбомы “Нейра Дзюбеля”, якія выдаваліся на дысках. Дый наогул прызнаў свае адносіны з Аляксандрам Кулінковічам сапраўдным сяброўствам. Аднак нецэнзурная лексіка ў жыцці Хаменкі займае куды менш значнае месца:

Алег Хаменка:
“У мяне гэта атрымліваецца неяк зусім не так, як у Кулінковіча. У Кулінковіча гэта адпавядае яго сапраўднаму стану жыцця. А мне сябры кажуць, што мне не пасуе, калі я лаюся матам”.

Акрамя беларускіх рокераў: «Крамы», «N.R.M.», «Ляпіс Трубяцкога» і іншых – у трыб’юце пажадала прыняць удзел і беларуская эстрада. Дакладна вядома, што свой кавер на “Нейра Дзюбель” зробіць Аляксей Хлястоў, прычым песня будзе падрыхтаваная ўжо ў самы бліжэйшы час.

Аляксей Хлястоў:
“Я думаю, што ў бліжэйшы час мы ўжо агучым, якая будзе песня і калі яна будзе гатова”.

Тое, што ў песні можа прысутнічаць ненарматыўная лексіка, музыку ў прынцыпе не палохае, аднак мацюкацца са сцэны ён пакуль яшчэ не гатовы:

Аляксей Хлястоў:
“Калі нават так і атрымаецца, я папрашу магчымасці адрэдагаваць гэтыя ўсе моманты”.

А вось у жыцці з гэтым у спевака прасцей:

Аляксей Хлястоў: “Так, як і ўсе, у прынцыпе. Але, канешне, імкнуся стрымлівацца”.

Збіраецца зрабіць рэмейк і Паліна Смолава. Хоць, і па яе словах, “Нейра Дзюбель” – гэта не зусім тая музыка, ад якой яна атрымлівае эстэтычную асалоду. Спявачка больш любіць лірычную і рамантычную музыку, так бы мовіць – вакальную. Аднак калі яна была зусім маладой, слухала і з задавальненнем хадзіла на канцэрты “Нейра Дзюбеля”.

З дакладнасцю сказаць, ці прыме Паліна ўдзел у трыб’юце, пакуль немагчыма. Спявачка збіраецца паспаборнічаць у адборачным туры на Еўрабачанне 2008 ад Расіі і зараз цалкам занятая падрыхтоўкай песні.

Паліна Смолава:
“Пакуль гэтая дамоўленасць была ў нас папярэдняй. Аднак з-за таго, што я зараз працую ў Маскве, часу цалкам няма. Аднак я думаю, што існуе дастаткова кампазіцый, якія я магу выканаць у сваім стылі. Аднак самае галоўнае, каб быў час. Зараз яго няма. Бо я працую над песняй, якая будзе ўдзельнічаць ў адборачным туры на Еўрабачанні ў Расіі. Я, канешне, вельмі хачу, аднак будзе бачна”.

Выказала жаданне паўдзельнічаць у трыб’юце Ларыса Грыбалёва. Спявачка паспрабуе прызнацца ў каханні знакамітаму касманаўту і праспявае песню “Гагарин, я вас любила”.

Галоўным “цэнзарам” праекту з’яўляецца сам Аляксандр Кулінковіч, таму толькі ад яго залежыць, ці трапіць той ці іншы трэк на дыск:

Аляксандр Кулінковіч: “Калі мне не падабаецца, то песня проста не ўвойдзе ў альбом. Усім музыкам, якія мне тэлефануюць, я кажу, што ніякіх крытэрыяў няма, рабіце што хочаце. Гурты могуць выконваць 8 разоў адну і тую ж песню. Калі гурты арыгінальна да гэтага падыходзяць, то песні не будуць падобнымі адна на адну. То бок крытэрыяў няма. Толькі – падабаецца ці не падабаецца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі