У Гродна прыплылі караблі вікінгаў (фота)
27 верасня на бераг Нёмана высадзіліся экіпажы двух сярэднявечных суднаў. Тут завяршаецца першы суднаходны фестываль “З варагаў у грэкі”.
Гродна стаў апошнім горадам, куды прыплыла гістарычная лодкавая экспедыцыя: карабель “Яцвяг” — з Беларусі і “Фрэя” з украінскага горада Херсон. Арганізатары і ўдзельнікі пастараліся максімальна ўзнавіць суднаходны вобраз народаў эпохі вікінгаў у IX-XI стагоддзях. На стаянцы варажскага флоту гродзенцы пазнаёміліся з культурай ўсходніх славянаў, плямёнаў балтаў і скандынаўскіх вікінгаў. У варажскім лагеры госці фестывалю наведалі выставу-кірмаш раннесярэднявечнага побыту. Таксама тут адбыліся вайсковыя спаборніцтвы дружыннікаў, майстар-класы, стрэльбішча з сярэднявечнай зброі і вогненае шоў.
Фестываль працягнецца ўвесь дзень. Увечары будзе гучаць жывая сярэднявечная музыка ад украінскай фолк-групы Spiritual Seasons.