У Гродне прэзентавалі ўзнагароду “За свабоду думкі” (фота)

Сёння ў гродзенскім музеі Васіля Быкава адбылася першая ўрачыстая прэзэнтацыя узнагароды "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава. Гэта прэмія заснаваная рухам "За свабоду!". Сярод тых, хто першым убачыў статуэтку аўтарства Віктара Копача, быў і карэспандэнт “Еўрарадыё”. Павел Мажэйка, прадстаўнік гродзенскага руху "За свабоду!", разам з кіраўніком мясцовага музея Васіля Быкава Мікалаем Мельнікавым прэзентаваў гэтую статуэтку. Вось як Мажэйка патлумачыў “Еўрарадыё”, чаму першая прэзентацыя адбылася ў Гродне:

"Па-першае, Быкаў стварыў свае самыя лепшыя, самыя славутыя творы тут, у Гародні. А па-другое, тут, у Гародні, запачаткаваны першы грамадскі музей Васіля Быкава. Шмат разоў мы звярталіся да гарадзенскіх уладаў з просьбай падтрымаць гэты музей. На жаль, улады гэта лічаць немэтазгодным".

Сёлета статуэтку атрымаюць тры беларусы, якія сваёй творчай і грамадскай дзейнасцю, а таксама асабістым прыкладам "спрыяюць стварэнню незалежнай беларускай супольнасці і вяртанню Беларусі ў еўрапейскую сям'ю".

У складзе журы, што вызначае сёлетніх лаўрэатаў, больш за 30 асобаў, сярод іх - Ірына Быкава, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. Афіцыйнае абвяшчэнне лаўрэатаў адбудзецца 26-га чэрвеня на радзіме Васіля Быкава на Віцебшчыне.

Сяргей Апановіч, Еўрарадыё, Гродна


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі