У інтэрнэце з'явілася парнаграфічная рэклама канцэрта J:Морс (Вiдэа)

Лідар гурта J:Морс Уладзімір Пугач выклаў у сваім блогу на tut.by шэраг скандальных відэаролікаў, якія нагадваюць пра блізкі канцэрт у Палацы Спорту.  Першапачатковае ўражанне ад гэтых відэа такое, што музыкі вырашылі паздзеквацца над нядаўнімі забаронамі-дазволамі на правядзенне прэзентацыі альбома "Электричество". Але як тлумачыць музыка, гэтыя ролікі зрабіў дырэктар гурта Руслан Старыкоўскі, калі спрабаваў разабрацца з відэарэдактарам. Сам Руслан пацвердзіў гэты факт і дадаў, што ўвогуле не планаваў дзесьці гэтыя ролікі публікаваць.

Руслан Старыкоўскі: "Вырашыў засвоіць відэаінжэнерынг, трэба ж на чымсьці спрабаваць. Можна было ўзяць відэа сабак ці вяселляў якіх-небудзь. Амаль увесь гэты відэаматэрыял гэта аскепкі здымак кліпа "Мамонов". Ніякіх спецыяльных звышзадач пастаўлена не было, што гэта будзе PR ці што-небудзь такое. Гэта проста, умоўна кажучы, першакласнік ідзе ў школу і сэрціць прапісныя літары".

Але дырэктар J:Морс прызнаўся, што сярод зробленых ім ролікаў усё ж ёсць удалыя, якія яму падабаюцца. Праўда, гледзячы па колькасці праглядаў, самы папулярны сярод прыхільнікаў як раз той, які сам Руслан лічыць ударам ніжэй за пояс.

Руслан Старыкоўскі: "Ролік, дзе наш герой Супермэн увайшоў у кадр, папаліў і выйшаў з кадра. Я проста наклаў гукі нейкіх эратычных стогнаў - прыём ніжэй за пояс. Але на жаль, ці на шчасце, людзям гэта падабаецца. Хтосьці кажа, што гэта пахабна, а хтосьці - што прыкольна. Калі яго запускаеш, адразу гучаць стогны, з першага кадра, і, зразумела, усе абарочваюцца, ува ўсіх думка, што хтосьці ўключыў порна".

Руслан дадаў, што не выключае магчымасці стварэння новых ролікаў. Маўляў, раней, калі даводзілася сядзець за кампутарам і чакаць, напрыклад, ліста ад партнёраў, то гэты час марнаваўся на прагляд усялякіх сайтаў. А зараз ён гэты час будзе праводзіць карысна, засвойваючы відэамантаж. Але не факт, что новыя ролікі будуць кудысці выкладацца.

Руслан Старыкоўскі: "Мы зараз паглядзем на фідбэк, калі гэтыя ролікі прыпішуць да рэкламнай кампаніі канцэрта, то магчыма, што тое, што я зрабіў мы шырока выкладзем не да 11-га а пасля, каб не было ніякіх сумневаў, што гэта насарэч непрадуманая PR-акцыя. А наогул цізерную рэкламу трэба развіваць, зразумела, што гэта трэба рабіць прафесійна, але я лічу, што за ёй будучыня".

Нагадаем, што канцэрт-прэзентацыя альбома "Электричество" гурта J:Морс адбудзецца 11 студзеня ў Палацы Спорту. Квіткі каштуюць ад 15 да 45 тысяч беларускіх рублёў.











Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі