У Іванаўскім раёне праходзіць кулінарны фестываль (фота)

Кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі” праходзіць 27-28 жніўня ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна. На некалькіх пляцоўках выступаюць народныя калектывы, праходзяць выставы народнай творчасці і кухні, адбываецца дэгустацыя страваў. У суботу кірмаш наведаюць старшыня Брэсцкага аблвыканкама  Канстанцiн Сумар, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, украінскія і польскія консулы. А ўчора на фестывалі адбылося адкрыццё этнахаткі. Мясцовыя гаспадыні паказалі абрад выпечкі вясельнага каравая. З дапамогай этнахаткі матыляне спадзяюцца прыцягнуць у вёску больш турыстаў. Ініцыятыву падтрымаў сумесны праект Праграмы развіцця ААН і Еўрасаюза “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Вось што распавядае адна з арганізатарак фэста ў Моталі Валерыя Кліцунова:

“Па-першае, яны зрабілі ўсё самі. Яны задаволены. Яны захавалі свае традыцыі. Па-другое, калі яны бачаць, што прызджаюць журналісты, эксперты, замежнікі, і цэняць тое, што зрабілі яны, яны пачынаюць цаніць гэта самі. Таму я думаю, што гэтыя рэчы бяспройгрышныя. На іх не трэба шкадаваць грошы. Зараз гэта грошы Еўрасаюза і ПРААН . Але нашы таксама павінны разумець, што гэта тое,  куды трэба ўкладаць”.

Адзначым, што дзякуючы фінансавай падтрымцы ЕС і ПРААН будзе выдадзена кніга “Народная кухня маталян”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі