У КДБ дапыталі дэпутата, які збіраў подпісы за Рымашэўскага
Дэпутат Асіповіцкага райсавета Аляксей Цюлькоў 5 лютага быў дапытаны ў КДБ.
У часе прэзідэнцкіх выбараў ён быў даверанай асобай Віталя Рымашэўскага, сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
Допыт доўжыўся болей за 2 гадзіны. Цюлькова папярэдзілі, што ён мае права не сведчыць супраць сябе. Вёўся пратакол допыту. Пытанні датычыліся 18 і 19 снежня 2010 года, а таксама збору подпісаў і арганізацыі перадвыбарчых сустрэчаў кампаніі кандыдата Віталя Рымашэўскага. Таксама былі пытанні пра замежныя паездкі Цюлькова, паведамляе прес-служба БХД.
Нядаўна адбылася пазачарговая сесія Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў, на якой Аляксея Цюлькова, абранага дэпутатам на апошніх выбараў у мясцовыя саветы, астатнія дэпутаты адзінадушна абвінавацілі ў амаральнасці. Падставай для такіх абвінавачванняў стала тое, што дэпутат збіраў подпісы за Рымашэўскага, а таксама за спрабаваў удзельнічаць у акцыі пратэсту на Плошчы.