У Херсонскай вобласці рэферэндум аб далучэнні да Расіі вырашылі адкласці
Рэферэндум у Херсонскай вобласці аб далучэнні да Расіі вырашылі адкласці. Намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі вобласці Кірыл Стрэмавусаў заявіў, што рэферэндум будзе "пастаўлены на паўзу", перадае Радыё "Свабода".
Стрэмавусаў патлумачыў такое рашэнне "меркаваннямі бяспекі". Ён дадаў, што галасаванне пройдзе не раней, чым у рэгіёне будуць спыненыя баявыя дзеянні. Канкрэтная дата рэферэндуму не называлася.
Віцэ-прэм'ерка Украіны Ірына Верашчук 3 верасня заявіла, што ўдзел украінскіх грамадзянаў у такіх галасаваннях будзе лічыцца актам калабарацыі з агрэсарам. За гэта можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўлення волі і канфіскацыя маёмасці.
Стрэмавусаў падкрэсліў, што адтэрміноўка рэферэндуму не звязаная з словамі Верашчук.
Украінскія вайскоўцы некалькі дзён таму пачалі наступ у Херсонскай вобласці. Яны змаглі вярнуць пад свой кантроль некалькі населеных пунктаў. Аднак большая частка рэгіёну застаецца пад кантролем расійскіх войскаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.