У кліпе на “Чароўнага труса” Юра Дземідовіч застанецца сабою

Праўда, прома-відэа яшчэ і не пачыналі здымаць. Мастацкі кіраўнік хлопчыка кажа, што не можа знайсці вартага рэжысёра Да фінала дзіцячага “Еўрабачання” застаецца крыху больш за месяц. Юра Дземідовіч блізкі да таго, каб паўтарыць шлях дарослага прадстаўніка Беларусі на сёлетнім “Еўрабачанні” – Пятра Ялфімава. Кліп на яго песню “Eyes That Never Lie” з’явіўся толькі за некалькі дзён да пачатку конкурсу і не паспеў выканаць аніякіх прома-задач.

Па словах Уладзіміра Глушакова, мастацкага кіраўніка Юры Дземідовіча, адзіная праблема, што зараз перашкаджае зняць кліп, гэта адсутнасць вартага рэжысёра:

Уладзімір Глушакоў: “Канцэптуальна яшчэ не вырашана, хто будзе здымаць і які будзе рэжысёр, бо я хачу, каб гэта быў чалавек, блізкі мне па бачанні гэтага вобраза. Пакуль што я не знайшоў гэтага чалавека. Тое, што хачу я – тое, як я гэта бачу – пакуль не ўвасабляецца”.

Тое-сёе для здымак кліпа ўжо зроблена. Напрыклад, для хлопчыкаў якія суправаджаюць Юру Дземідовіча на сцэне, былі пашытыя новыя касцюмы:

Уладзімір Глушакоў: “У нас ёсць новыя касцюмы, яны будуць у прома-прадукцыі. Вось, хацелася б, каб у кліпе былі гэтыя касцюмы. Проста патрэбны рэжысёр, сцэнарыст які б яскрава гэта пабачыў. Пакуль у мяне такога няма”.


Зараз складана сказаць, ці будзе кліп на “Чароўнага труса” дакладным перакладам на мову камеры сцэнічнага нумара Юры Дземідовіча. Але наконт таго, што сам маленькі артыст застанецца ў сваім, знойдзеным некалькі месяцаў таму геніяльным вобразе, сумневаў няма.

Уладзімір Глушакоў: “Юрын вобраз ніяк не будзе канвертавацца. Мы жадаем, каб ён быў у кліпе такім, якім палюбілі яго гледачы”.

Фота:
forex-tsd.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі